Аляксандр Лукашэнка наведаў ААТ "Пеленг"

25 Сакавіка 2015

У Беларусі будуць падтрымліваць толькі перспектыўныя навукаёмістыя прадпрыемствы, а разлічваць на інвестыцыі з боку дзяржавы змогуць толькі вытворцы, якія працуюць на мясцовай сыравіне. Сёння Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведаў ААТ "Пеленг". Прадпрыемства спецыялізуецца на стварэнні высокіх ва ўсіх сэнсах тэхналогій і вырабляе абсталяванне, якое паспяхова выкарыстоўваецца як у ваеннай, так і ў касмічнай сферах. Кіраўніку дзяржавы паказалі новыя ўзоры ўзбраення. Гэта робаты-разведчыкі, якія дзякуючы кампактнаму памеру прабіраюцца на любую тэрыторыю. Бартавыя камп'ютары або чорныя скрыні. Іх устанаўліваюць на падводных лодках, ваенных самалётах, танках. Канёк "Пеленга" - гэта лазерна-аптычныя распрацоўкі. А яшчэ "Пеленг" - гэта прыклад таго, як інтэлектуальны патэнцыял з часоў развалу Саюза ўдалося не толькі захаваць, але і прымножыць. З падрабязнасцямі - Вольга Макей.

Гэту 9-метровую антэну на даху корпуса Нацыянальнай акадэміі навук у Мінску бачылі многія. Але далёка не ўсе ведаюць аб яе прызначэнні. Вялізная талерка насамрэч ні што іншае як прыёмнік сігналу з космасу. Кожныя 5 гадзін менавіта дзякуючы ёй у цэнтр кіравання палётам прыходзіць інфармацыя з першага беларускага спадарожніка. За палётам апарата ў спецыяльнай зале назіраюць усяго тры чалавекі. На вялікім экране адлюстроўваюцца ўсе асноўныя паказчыкі - вышыня палёту, дакладныя каардынаты і час да сеансу сувязі.

Васіль Сівуха, начальнік цэнтра эксплуатацыі Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі: "У зону бачнасці апарат трапляе 2-3 разы днём і 2-3 разы ноччу. 5 сеансаў за суткі, канкрэтны час - гэта 11 гадзін днём, плюс-мінус паўтары гадзіны, адпаведна 11 гадзін вечара, плюс-мінус паўтары гадзіны. Вось у гэты перыяд адбываюцца сеансы сувязі".

Беларускі касмічны апарат запусцілі ў ліпені 2012 года з касмадрома Байканур. Ён ствараўся на базе расійскага "Канопуса", але складаецца з апаратуры, распрацаванай, у тым ліку, айчыннымі навукоўцамі.

У прыватнасці, оптыку для спадарожніка зрабілі на беларускім прадпрыемстве "Пеленг". Дзякуючы гэтаму абсталяванню апарат дазваляе рабіць здымкі з космасу з максімальным дазволам да 2 метраў.

Сяргей Залатой, дырэктар НІ РУП "Геаінфармацыйныя сістэмы" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: "Гэта фактычна першы лічбавы фотаапарат касмічны, які быў зроблены "Пеленгам" у рамках гэтага праекта. На сённяшні дзень толькі на тыражаванне аналагічнай апаратуры для расійскага апарата "Пеленг" мае даволі вялікую колькасць заказаў".

Гэта прадпрыемства Беларусі дасталася ў спадчыну ад Савецкага Саюза. Калі вялікай краіны не стала, інтэлектуальны патэнцыял захавалі. З канструктарскага бюро "Пеленг" вырас у высокатэхналагічную і эканамічна эфектыўную вытворчасць. На гэтым участку выпускаюць оптыку, аналагаў якой няма ў свеце. Прыцэлы для бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку і цеплавізійныя, здольныя разгледзець цэль у начны час нават пры 50-градусным марозе. Ім не страшныя ні высокая хуткасць, ні бездарожжа.

Павел Пазнякоў, начальнік вытворча-дыспетчарскага ўпраўлення ААТ "Пеленг": "Усе нашы прыборы маюць сістэму стабілізацыі, якая дазваляе ў залежнасці ад мясцовасці, па якой едзе машына або супрацьтанкавая тэхніка, наводчыку бачыць на полі бою пастаянна стабільную карцінку, якая не хістаецца".

За апошнія 5 гадоў "Пеленг" Аляксандр Лукашэнка наведвае ўжо трэці раз. І год ад года тут знойдуць, чым здзівіць. Усе ноу-хау оптыка-электронных сістэм нараджаюцца ў гэтых цэхах. Што ўтойваць, завод, па сутнасці, правая рука вайскоўцаў, але даўно працуе і пад мірныя мэты. Выпускаюць тут абсталяванне для метэастанцый, сістэмы відэаназірання, мікраскопы. Тым не менш у кіраўніка ваенна-прамысловага камітэта Прэзідэнт цікавіцца фінансавымі вынікамі працы.

Зірнуць на свет па-новаму зараз можна дзякуючы палёту думкі беларускіх распрацоўшчыкаў оптыкі. Вочы касмічнага спадарожніка - справа рук інжынераў "Пеленга". Пасля першага няўдалага запуску апарата "БелКА", нягледзячы на меркаванні скептыкаў, спецыялісты прадоўжылі развіваць гэту сферу і не пралічыліся. Зараз у краіне ёсць свая касмічная галіна. А дзякуючы ўжо назапашанаму вопыту ў зандзіраванні зямлі Беларусь - афіцыйна касмічная дзяржава - летась стала членам Камітэта ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах. У найбліжэйшых планах - стварэнне спадарожніка сувязі сумесна з Паднябеснай.

У сярэдзіне мая з афіцыйным візітам Беларусь павінен наведаць Прэзідэнт Кітая. Сі Цзінпіну плануюць паказаць і "Пеленг". Зрэшты, акрамя касмічных распрацовак, беларусам ёсць чым ганарыцца. Напрыклад, новымі ўзорамі айчыннага ўзбраення. Гэта робаты-разведчыкі, якія дзякуючы кампактнаму памеру прабіраюцца на любую тэрыторыю. Бартавыя камп'ютары або так званыя чорныя скрыні. Іх устанаўліваюць на падводных лодках і ваенных самалётах. Прэзідэнту расказалі і аб сістэме вызначэння ўзроўню радыяцыі.

Сёння ў прадпрыемства больш за 450 патэнтаў на вынаходкі. Як распрацоўваюцца ўнікальныя тэхналогіі, паказваюць Прэзідэнту. Напрыклад, гэта самая вялікая дэталь вачэй касмічнага спадарожніка - аптычнае люстэрка. Вось так выглядае працэс паліроўкі.

Вось Прэзідэнту паказваюць участак зборкі і выпрабаванняў касмічнай тэхнікі. Тут збіраюць шматмэтавую апаратуру. Прасцей кажучы, вялікія фотаапараты, пры дапамозе якіх спадарожнік і робіць здымкі. Тут усё амаль як у аперацыйнай, бо нельга дапусціць, каб на оптыку трапіў пыл.

Дзякуючы інжынерам з Мінска за час існавання завода ў космас запусцілі 38 спадарожнікаў з беларускай оптыкай. Гэта ў асноўным апараты нашых партнёраў па асваенні космасу - Расіі і Кітая. На прадпрыемстве поўны ланцужок: ад праектавання да правядзення выпрабаванняў. Гэта і выдзяляе завод сярод замежных канкурэнтаў, дзе вытворчыя пляцоўкі нярэдка аддалены геаграфічна, таму і збіраецца тэхніка значна даўжэй. Развіццё такіх высокатэхналагічных прадпрыемстваў сёння - зарука паспяховага заўтра, скажа Прэзідэнт, размаўляючы з калектывам.

Пацікавіліся супрацоўнікі завода і пра падтрымку такіх навукаёмістых прадпрыемстваў. Перспектыўныя, імпартазамяшчальныя, а галоўнае эфектыўныя тэхналогіі будуць заўсёды запатрабаваныя ў краіне.

І вось як раз прыклад падтрымкі высокатэхналагічных прадпрыемстваў. Гендырэктар "Пеленга" Уладзімір Пакрышкін просіць выдзеліць зямлю пад будаўніцтва новага вытворчага ўчастка. Прэзідэнт ідэю падтрымлівае, як і просьбу супрацоўнікаў прадпрыемства аб будаўніцтве арэнднага жылля.

За час гэтага сюжэта беларускі касмічны апарат праляцеў каля 4 тысяч кіламетраў. Асноўныя і першачарговыя карыстальнікі здымкаў - 11 дзяржаўных ведамстваў, яны атрымліваюць фатаграфіі бясплатна. Гэта спецыялісты лясной і сельскай гаспадаркі, Мінпрыроды і МНС. Кожны разглядае касмічныя здымкі пад сваім прафесійным вуглом: ад маніторынгу навакольнага асяроддзя да выяўлення зон пажараў, паводкі і незаконнай высечкі лесу.

Андрэй Юржыц, начальнік Рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС Беларусі: "Фатаграфіі, якія атрымліваем з беларускага спадарожніка, дазваляюць эфектыўна маніторыць паводкавую сітуацыю. З дапамогай спецыяльных шаблонаў, якія вы бачыце на экране, накладваецца шаблон, г.з. рэчышча ракі, якое павінна быць без паводкавай сітуацыі. У выпадку разводдзя ракі адразу бачна, якія населеныя пункты, тэрыторыі былі падтоплены".

Адзін такі здымак каштуе амаль паўтара долара. Раней касмічныя фатаграфіі краіне даводзілася купляць, а зараз Беларусь нядрэнна зарабляе на продажы. За апошнія паўтара года - каля 5 мільёнаў долараў. Менавіта за такімі навукаёмістымі і эфектыўнымі тэхналогіямі будучыня. Дарэчы, з будучага навучальнага года ў БДУ з'явіцца новая актуальная спецыяльнасць - "геаінфармацыйныя сістэмы". Спецыялісты па апрацоўцы касмічных здымкаў сёння асабліва запатрабаваныя.


Папулярныя

Рэкамендуемыя