Аляксандр Лукашэнка наведаў новы ПЭТ-цэнтр

7 октября 2015

І пачнём з падзеі, якая дае надзею сотням, тысячам людзей. Анкалогія. Гэты страшны дыягназ, гэта чума нашага стагоддзя зараз гучыць не так безнадзейна. У краіне з'явіліся новыя магчымасці па барацьбе з гэтымі захворваннямі. На базе анкалагічнага цэнтра ў Бараўлянах адкрылі Рэспубліканскі цэнтр пазітронна-эмісійнай тамаграфіі. Сказаць, што гэту падзею чакалі ўрачы, пацыенты, нічога не сказаць. Беларускія спецыялісты з гэтага часу могуць выявіць пухліну памерам міліметр. За 30 хвілін - столькі займае абследаванне - чалавеку можна падарыць жыццё. У нашай краіне барацьба з анкалогіяй - адзін з найважнейшых кірункаў медыцыны. У 2005 - указ Прэзідэнта. Затым праграма на 2011-14 гады. І вось ПЭТ-цэнтр у Бараўлянах. Чым ён унікальны? У ім поўны ланцужок: ад вытворчасці фармпрэпарата да вынікаў тамаграфіі. Гэта і ранняя дыягностыка, і дакладная схема лячэння. Зараз не трэба ехаць за мяжу па надзею.

Зусім хутка тут прымуць першых пацыентаў. Сёння чырвоную стужку ў Бараўлянах перарэзаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка ўнік у дробныя дэталі працы цэнтра, пагаварыў са спецыялістамі, пачуў іх ацэнку зробленага на рэспубліканскай медыцынскай канферэнцыі. Закранулі і будучыню медыцыны ў цэлым. Нашы карэспандэнты пражылі гэты дзень з тымі, хто дае людзям надзею. І распавядуць пра інвестыцыі ў здароўе. І пра тое, што для гэтых людзей, для маладых урачоў створаць усе ўмовы - толькі б вочы гарэлі. У планах інтэрнат. А яшчэ гасцініца для сваякоў пацыентаў.

Рэпартаж Вольгі Макей. Цэнтр анкалогіі ў Бараўлянах месяц таму адзначыў юбілей. За 55 гадоў існавання з некалькіх памяшканняў у дыспансеры ён ператварыўся ў цэлы комплекс клінічных, эксперыментальных і вытворчых карпусоў. Але галоўнае - за больш як паўстагоддзе тут выратавалі тысячы лёсаў. 3 дзясяткі гадоў таму працягласць жыцця дзіцяці з дыягназам "рак" была каля месяца. У 1997 году адкрываецца спецыяльны цэнтр для юных пацыентаў. Штогод тут праходзяць лячэнне 5 тысяч дзяцей, а чацвёра з пяці выходзяць з клінікі здаровымі. Па гэтым паказчыку Беларусь зраўнавалася з Італіяй, Францыяй, Іспаніяй і ўваходзіць у дзясятку лепшых у свеце. У 2001 Аляксандр Лукашэнка наведвае тады яшчэ НДІ анкалогіі, у той час і з'яўляецца ідэя маштабнай рэканструкцыі і пераабсталявання, каб ператварыць клініку ў нацыянальны цэнтр. Барацьба з ракам у нашай краіне - адзін з найважнейшых кірункаў медыцыны. Гэта замацавалі яшчэ ў 2005 указам Прэзідэнта. Дзіцячы анкалагічны цэнтр Кіраўнік дзяржавы наведвае пяць гадоў таму. Тады ж у Беларусі запускаюць праграму па пераадоленні анкалагічных захворванняў, разлічаную на 2011-14 гады. Дзяржава ставіць перад сабой задачы - праводзіць эфектыўную прафілактыку раку, палепшыць раннюю дыягностыку і лячэнне пацыентаў, павысіць якасць жыцця людзей з цяжкім дыягназам. За гэты час распрацавалі больш за 80 новых метадаў выяўлення і лячэння раку. Новы цэнтр - таксама вынік гэтай праграмы.

Надзея на дыягностыку раку на ранняй стадыі з'явілася дзякуючы новаму ПЭТ-цэнтру. Пра яго неабходнасць у краіне ўрачы гаварылі шмат гадоў. Пазітронна-эмісійная тамаграфія - гэта, прасцей кажучы, супердакладнае даследаванне, якое дазваляе знаходзіць самыя дробныя метастазы ў анкалагічных хворых і, калі неабходна, кардынальна змяняць лячэнне.

Ужо зусім хутка цэнтр прыме першых хворых. Пакуль ён працуе ў тэставым рэжыме. Комплекс, а разам з ім і новы шанц на здароўе, чакаюць не толькі пацыенты, але і ўрачы. Бо кожнае выратаванае жыццё для іх вялікая перамога. Гэтая чырвоная стужка для многіх тут не проста даніна традыцыі, а хутчэй сімвал надзеі.

Перш за ўсё Аляксандр Лукашэнка цікавіцца, як у цэлым ідуць справы ў ахове здароўя. За апошнія гады, каб вывесці галіну на перадавыя пазіцыі, зроблена шмат. Пра гэта гавораць сусветныя рэйтынгі. Беларусь займае 53 месца па ўзроўні чалавечага развіцця. Паспяхова наша краіна выканала і мэты тысячагоддзя ААН па зніжэнні дзіцячай і мацярынскай смяротнасці.

Вынікі галіны, якой надаецца так шмат увагі, уражваюць. Калі раней 80% кардыялагічных аперацый праводзілася ў рэспубліканскіх цэнтрах, зараз 73% - ужо ў рэгіянальных клініках, у абласцях краіны ёсць і вопытныя ўрачы, і сучаснае абсталяванне. Беларусь уваходзіць у дзясятку вядучых краін па трансплантацыі. Ёсць вынікі і ў барацьбе з анкалагічнымі захворваннямі - за апошнія 5 гадоў сталі больш дакладна вызначаць дыягназ менавіта на ранняй стадыі, а гэта выратаваныя жыцці.

Нягледзячы на тое, што медыцына ступіла далёка наперад, і за апошняе дзесяцігоддзе смяротнасць ад анкалогіі знізілася амаль на 5 з паловай працэнтаў, колькасць захворванняў ракам расце ва ўсім свеце.

Са страшным дыягназам змагаюцца і тыя, каму, здавалася б, па абавязку прафесіі нельга сумаваць - гэта вядомыя артысты. Нядаўна ўсіх шакіравала навіна аб смерці Жаны Фрыске, каварная хвароба спыніла жыццё Валянціны Талкуновай, саліста групы "Дыскатэка Аварыя" Алега Жукава. Летам анкалогію дыягнаставалі ў опернага спевака Дзмітрыя Хварастоўскага. У гэта складана паверыць, але ў спісе тых, хто перамог небяспечнага ворага, - Дар'я Данцова, Уладзімір Познер, Лайма Вайкуле, Роберт Дэ Ніра, Кайлі Міноўг, Майкл Дуглас. На шчасце, гэты спіс прадаўжаць можна доўга. У Беларусі штогод больш як 40 тысяч пацыентаў упершыню чытаюць у сваёй медыцынскай картачцы дыягназ “рак”.

Менавіта таму барацьбе з анкалагічнымі захворваннямі ў краіне надаецца асаблівая ўвага. На дыспансерным уліку стаіць кожны 37-ы жыхар Беларусі. Урачы ўпэўненыя: са з'яўленнем новага цэнтра ехаць па дарагое лячэнне за мяжу не прыйдзецца.

Прэзідэнта цікавіць увесь цыкл працы цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі. Каб разабрацца ў нюансах, Аляксандр Лукашэнка ўнікае ва ўсе дэталі і падоўгу распытвае спецыялістаў. Пачынаецца ўсё з вытворчасці фармпрэпаратаў.

Справа ў тым, што злаякасная пухліна сілкуецца глюкозай, паглынаючы яе больш, чым здаровую тканку. Таму пацыенту ўводзяць гэта рэчыва, пры гэтым забяспечваюць раствор радыеізатопамі. Выпрацоўваюць такія "пазнакі" ў цыклатроне. Ён схаваны за бетонавымі сценамі шырынёй 2 метры. У спецыяльныя мішэні загружаюць узбагачаную ваду, праводзяць апраменьванне пратонамі, дзякуючы складанай ядзернай рэакцыі выпрацоўваецца патрэбны радыенуклід.

Фасуе прэпарат спецыяльны робат - людзям з рэчывам лішні раз лепш не сутыкацца. Затым невялікую ампулу змяшчаюць у спецыяльную капсулу. З-за ахоўных сцен са свінцу падняць такую няпроста.

Затым "мечаную" глюкозу ўводзяць хвораму. Адбываецца гэта пры дапамозе спецыяльнага прыстасавання.

Далей пацыента адпраўляюць у пакой рэлаксацыі. Памяшканне гэта без столі, замест сцен - прыгожыя малюнкі. Для таго, каб у зручным крэсле псіхалагічна настроіцца на даследаванне. Тут пацыент праводзіць каля гадзіны.

Праз гадзіну за справу бярэцца адзін з самых дасканалых у свеце камп'ютарных тамографаў. Дзякуючы яму і бачныя каварныя клеткі, якія назапасілі ўведзеныя радыеізатопы. Пры сканіраванні можна вызначыць пухліны дыяметрам нават міліметр.

У гэтым тамографе чалавек знаходзіцца каля 25 хвілін. У гэты час апарат і выяўляе злаякасныя клеткі, якія ўвабралі тую самую "мечаную" глюкозу. Акрамя таго, апарат шматфункцыянальны.

Далей здымкі трапляюць у цэнтр камп'ютарнай апрацоўкі даных. На маніторы спецыялістаў усе злаякасныя ўтварэнні, як на далоні. Гэта значыць, рак зараз можна выявіць нават на ўзроўні змянення ў клетках.

Новы ПЭТ-цэнтр унікальны тым, што ў ім поўны ланцужок: ад вытворчасці фармпрэпарата да вынікаў тамаграфіі. Такога няма ў шматлікіх вядучых еўрапейскіх клініках. ПЭТ-цэнтр будзе карысным яшчэ і ў кардыялогіі, акрамя таго, з дапамогай такога абсталявання ўрачы могуць выявіць нават эпілепсію і даследаваць ныркі.

Руслан Саковіч, загадчык аддзялення ПЭТ РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава: "Гэты метад дазваляе выяўляць паталагічныя змяненні анкалагічнага характару на ранніх стадыях. Гэта 1-2 стадыя. Можам гаварыць аб выкарыстанні гэтага метаду ў дыягностыцы жыццяздольнасці міякарда. Можам гаварыць аб раннім выяўленні хваробы Альцгеймера, што важна з пункта гледжання вывучэння. Мы бачым ужо змяненні на ўзроўні метабалізму ў клетцы. Гэта паднімае нас яшчэ на некалькі парадкаў ва ўзроўні дыягностыкі".

Лабараторыя канцэрагенеза - яшчэ адзін новы аб'ект у РНПЦ. У гэтым комплексе таксама шматлікае ўнікальна. Узяць хоць бы структуру - тут адразу шэсць падраздзяленняў. Пратэомікі - тут працуюць з бялкамі, вірусалогіі, імуналогіі, біячыпавых і клеткавых тэхналогій і генетыкі. Словам, тут даследуюць пухліны на малекулярным узроўні. А вось так выглядае сучасны вынік аналізаў. Такі тоўсты часопіс - на кожнага пацыента. Дае яго малекулярна-генетычная лабараторыя канцэрагенеза.

Менавіта ў гэтай лабараторыі і вызначаюць тактыку лячэння анкалогіі. Спецыялісты гавораць: наступае стагоддзе індывідуальнай медыцыны, і Беларусь уваходзіць у яго адной з першых.

Прасцей гаворачы, сучаснае абсталяванне лабараторыі дазваляе стварыць генетычны партрэт пухліны і для кожнага пацыента выпрацаваць індывідуальную стратэгію лячэння. Можна разглядзець, як пухлінныя клеткі рэагуюць на пэўныя лекі, і выбраць тое, што працуе. А пры дапамозе гэтага апарата ўрачы могуць выявіць схільнасць, бадай, да самага распаўсюджанага віду анкалогіі - рака малочнай залозы.

Урачы дзеляцца: са з'яўленнем двух новых комплексаў - ПЭТ-цэнтра і сучаснай лабараторыі канцэрагенеза - ахова здароўя рэспублікі выходзіць на новы ўзровень. Унікальным тэхналогіям пазайздросцяць вядучыя клінікі свету. А для тысяч пацыентаў - гэта яшчэ адзін упэўнены крок да перамогі над страшным дыягназам.

За жыццё пацыентаў у РНПЦ анкалогіі змагаюцца 1700 чалавек. Гэта ўрачы, медсёстры, дактары і кандыдаты навук, прафесары і персанал. Штогод цэнтр наведваюць 190 тысяч пацыентаў. За год тут робяць больш як 10 тысяч аперацый. А дыягнастычных і лабараторных даследаванняў - больш за мільён.

У новым ПЭТ-цэнтры працуе і шмат маладых спецыялістаў: гэта ўрачы, хімікі і інжынеры. Відаць, што да справы ставяцца з душой - як гаворыцца, вочы гараць. Хоць праца ў іх няпростая і фізічна, і маральна.

Так часта бывае, што разам з пацыентамі ў Бараўляны прыязджаюць і сваякі. Хворага неабходна прыводзіць на працэдуры, таму ўзнікае пытанне дзе спыніцца. З-за вялікага попыту цэны на здымныя квадратныя метры тут ледзь ці не зраўнаваліся са сталічнымі. Рашэнне Прэзідэнта - узвесці гасцініцу.

Беларуская медыцына за апошнія гады зрабіла вялізны крок. У краіне правялі мадэрнізацыю ўсіх звёнаў аховы здароўя - ад ФАПаў да абласных бальніц і такіх буйных медкомплексаў. Рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў у Беларусі ўжо 17. Кардыялогіі, трансплантацыі органаў і тканак, неўралогіі і нейрахірургіі, траўматалогіі і артапедыі, цэнтр "Маці і дзіця" і шматлікія іншыя. Менавіта такія шматпрофільныя комплексы і аб'ядноўваюць пад адным дахам навуку і практыку, без якіх не было б такой колькасці новых тэхналогій у лячэнні і дыягностыцы самых розных захворванняў. Тысячы выратаваных жыццяў бясцэнныя, таму на такія інвестыцыі ў здароўе беларусаў краіна не пашкадуе ніякіх - нават самых вялікіх грошай.