Аляксандр Лукашэнка наведаў Армянскую АЭС

14 мая 2013

Беларусь запрашае армянскіх атамшчыкаў для абмену вопытам па эксплуатацыі і гарантаванні бяспекі атамнай электрастанцыі. Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Армянскую АЭС. Як адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы, краіне патрэбныя класныя спецыялісты, якія навучаць і перададуць вопыт беларусам. Сёння наша краіна ідзе па шляху развіцця самых высокіх тэхналогій, аб чым сведчыць запуск уласнага штучнага спадарожніка Зямлі і будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Аляксандр Лукашэнка наведаў другі блок Армянскай АЭС, азнаёміўся з працай станцыі, агледзеў тэхналагічныя ўчасткі. Станцыя была ўведзеная ў эксплуатацыю ў 76-м годзе і сёння выпрацоўвае каля 40% усёй электраэнергіі, што спажываецца ў Арменіі. Гендырэктар АЭС падкрэсліў, што зараз без дыверсіфікацыі крыніц атрымання электраэнергіі немагчыма гарантаваць энергетычную бяспеку краіны. Што тычыцца праекта Беларускай АЭС, то Гагік Маркасян выказаў упэўненасць: станцыя будзе адказваць самым сучасным нормам і патрабаванням бяспекі. Дарэчы, Беларусь зараз завяршае падрыхтоўчы этап будаўніцтва АЭС у Астраўцы і летам пачне ўзвядзенне станцыі. Пра гэта сёння паведаміў журналістам у Арменіі Міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык. Цікавасць армянскага боку можа заключацца ў вывучэнні беларускага вопыту пры будаўніцтве новай АЭС. Арменія, як і наша краіна, плануе і далей развіваць атамную энергетыку.