Узброеныя Сілы Беларусі ў найбліжэйшы час правераць на боегатоўнасць. Гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 61-ую знішчальную авіяцыйную базу ВПС і СПА. Авіябаза ў Баранавічах лічыцца адной з лепшых у краіне. Тут на ўзбраенні знаходзяцца сучасныя МіГ-29 - знішчальнікі, якія прызнаныя адной з лепшых баявых машын ХХ стагоддзя. На такіх беларускія авіятары ўсталявалі 15 сусветных рэкордаў. Прэзідэнту Беларусі далажылі аб арганізацыі баявога дзяжурства ва Узброеных Сілах і развіцці ВПС і войскаў СПА. Кіраўніку дзяржавы паказалі беспілотныя комплексы, якія ўжо ёсць на ўзбраенні, а таксама айчынныя распрацоўкі. Дарэчы, гэты кірунак Аляксандр Лукашэнка лічыць самым перспектыўным. Прэзідэнт таксама азнаёміўся з лінейкай тэхнікі, якая вырабляецца. Паводле слоў лідара, асаблівую ўвагу трэба надаць мадэрнізацыі ваеннай тэхнікі.
Вынікам наведвання стала нарада, якая прайшла на рухомым цэнтры стратэгічнага ўпраўлення Узброеных Сіл. Прэзідэнт заслухаў даклад міністра абароны Юрыя Жадобіна аб стане ВПС і войскаў СПА.














