Аляксандр Лукашэнка даручыў добраўпарадкаваць ваенныя могілкі да 75-й гадавіны вызвалення Беларусі

23 июля 2018

Кіраўнік дзяржавы даручыў добраўпарадкаваць ваенныя могілкі і месцы масавага пахавання грамадзян на працягу гэтага года і першага паўгоддзя наступнага. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў адпаведны загад. 

Правілы добраўпарадкавання месцаў пахаванняў зацвердзіць Савет Міністраў. Яны датычацца рэжыму аховы, захавання грамадскага парадку, папярэджання разбурэнняў і знішчэнняў. А мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы прымуць рашэнні, якія датычацца ўтрымання месцаў пахаванняў у належным санітарным стане. Аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму даручана забяспечыць іх добраўпарадкаванне і аднаўленне, а пры неабходнасці арганізаваць конкурсы архітэктурна-мастацкіх рашэнняў. Сродкі на рэалізацыю гэтага загаду павінны быць улічаныя пры фарміраванні абласных бюджэтаў і бюджэту Мінска. У тым ліку з прыцягненнем добраахвотных ахвяраванняў ад айчынных і замежных юрыдычных і фізічных асоб. 

Усе гэтыя мерапрыемствы правядуць у мэтах падрыхтоўкі да святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і фарміравання паважлівага стаўлення да падзей гісторыі дзяржавы.