Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з таленавітай моладдзю Гродна

19 октября 2018

"Без адукацыі няма нацыі", - з такіх слоў Прэзідэнт пачаў зносіны з таленавітай моладдзю ў Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы.

На сустрэчы прысутнічалі таксама студэнты медыцынскай і аграрнай вышэйшых навучальных устаноў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ВНУ Гродзеншчыны - сапраўдныя інтэлектуальныя цэнтры не толькі для рэгіёна, але і для краіны. Заўсёды важна, каб умовы навучання былі набліжаныя да рэальных умоў будучай дзейнасці. Беларуская сістэма адукацыі павінна рыхтаваць спецыялістаў новай фармацыі з добра развітымі прадпрымальніцкімі навыкамі.

Максімум адкрытасці - менавіта на такі фармат зносін нацэльваў студэнтаў Кіраўнік дзяржавы. У выніку размова са студэнтамі атрымалася вельмі грунтоўнай і шчырай. Абмяркоўвалі самыя розныя тэмы - шмат пытанняў так або інакш датычыліся працэсу навучання. Прэзідэнт выступае супраць сляпога капіравання чужых сістэм адукацыі. Трэба не ламаць, а ўдасканальваць сваю. Гаварылі аб неабходнасці стымуляваць наймальнікаў, асабліва прыватнікаў, прыцягваць студэнтаў да працы. Закранулі развіццё ўсяго Гродзенскага рэгіёна - ён атрымаў высокія ацэнкі ад лідара. Задавалі Прэзідэнту і асабістыя пытанні.

Ну а папярэднічаў размове са студэнтамі комплексны погляд на развіццё абласнога цэнтра і ўсяго Гродзенскага рэгіёна. Кіраўніцтва вобласці далажыла аб праблемах у сельскай гаспадарцы. З-за надвор'я ёсць недабор па збожжы. Аб сацыяльна-эканамічных перспектывах і горадабудаўнічых планах Гродна Прэзідэнту расказалі на пляцоўцы агратурыстычнага комплексу "Каробчыцы". Абласны цэнтр павінен развівацца без спешкі і забудоўвацца з розумам. Пры гэтым неабходна развіваць і населеныя пункты ў сельскай мясцовасці, знаходзіць свайго роду разыначкі для іх выкарыстання, у тым ліку ў сферы агратурызму.

Аляксандр Лукашэнка наведаў спартыўны комплекс "Пышкі". Тут дзейнічаюць адразу дзве пляцоўкі - футбольны манеж і лядовая арэна. Яны пабудаваныя па прынцыпе паветраапорнай канструкцыі. Прэзідэнт азнаёміўся з магчымасцямі комплексу і ўмовамі для маладых спартсменаў. Кожны дзень тут займаюцца да 400 дзяцей з дзіцячай спартыўнай школы. Трэніроўкі праходзяць у рэжыме нон-стоп на працягу ўсяго дня. Менавіта такія дзіцяча-юнацкія школы ў рэгіёнах - кузня кадраў для вялікага спорту. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што неабходна падумаць аб прэміраванні трэнераў, у тым ліку невялікіх дзіцячых хакейных і футбольных каманд, за падрыхтоўку добрых гульцоў. Падрабязнасці раскажам у "Панараме".