Прэзідэнт пагутарыў з кіраўніком фракцыі КПРФ у Дзярждуме Расіі Генадзем Зюганавым

5 сентября 2017

Прэзідэнт сустрэўся з кіраўніком фракцыі КПРФ у Дзярждуме Расіі Генадзем Зюганавым. Палітыкі гаварылі пра многае больш як дзве гадзіны, у тым ліку і пра агульную гісторыю. Абмеркавалі ўвесь спектр беларуска-расійскіх адносін. Гэта і перспектывы Саюзнай дзяржавы, і супрацоўніцтва ў сферы аграпрамысловага комплексу. Генадзь Зюганаў распавёў, як у свой час прысылаў у Беларусь спецыялістаў для вывучэння вопыту АПК, камунальнай гаспадаркі, машынабудаўнічай сферы. Шматлікія напрацоўкі беларусаў знайшлі ўвасабленне на расійскіх прадпрыемствах. У прыватнасці, лідар КПРФ распавёў пра саўгас імя Леніна, тэрыторыю якога назваў зонай сацыяльнага аптымізму. Некалькі фотаальбомаў са здымкамі дасягненняў гаспадаркі ён падарыў Прэзідэнту. Зюганаў узначальвае КПРФ ужо больш як 20 гадоў. І як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, ідэі партыі блізкія Беларусі.

Пасля сустрэчы Генадзь Зюганаў падзяліўся падрабязнасцямі з журналістамі. У гутарцы з Кіраўніком дзяржавы кранулі міжнародны парадак дня. Няпростая сітуацыя ў свеце патрабуе хуткага рэагавання. На думку кіраўніка КПРФ, Беларусь і Расія павінны максімальна ўмацоўваць усе віды вытворчых сувязяў. Гаварылі і аб развіцці супрацоўніцтва ў АПК. У прыватнасці, Расіі цікавы вопыт Беларусі ў стварэнні аграпрамысловых цэнтраў.

Генадзь Зюганаў, старшыня фракцыі КПРФ у Дзярждуме Расіі: "Трэба максімальна складваць свае высілкі для таго, каб развіваць першым чынам машынабудаўнічы комплекс. Ён у Беларусі развіты цудоўна. Вы стварылі камбайн, які можа канкурыраваць са шматлікімі замежнымі аналагамі. Ён на парадак таннейшы, а якасцю, як паказалі апошнія выпрабаванні, значна лепшы. У перспектыве можна разам асвойваць гэты выраб на расійскіх вялізных палях. Ды і ў цэлым гэта вельмі перспектыўная мадэль. Вы разам з кітайцамі асвоілі электрарухавік. Я лічу, што трэба кааперавацца, думаць пра тое, як гэта лепш рэалізоўваць. У гэтым сэнсе вопыт узаемадзеяння Беларусі з Кітайскай Народнай Рэспублікай, наш вопыт узаемадзеяння як з Беларуссю, так і з Кітаем могуць спатрэбіцца".

У гэтую нядзелю ў Маскве адбудуцца муніцыпальныя выбары. КПРФ вылучыла больш за тысячу трыста сваіх кандыдатаў. А пасля выбараў у мясцовыя саветы КПРФ плануе правесці ў Беларусі юбілейны пленум Савета кампартый краін былога Савецкага Саюза. У сваю чаргу беларуская дэлегацыя запрошаная ў Расію на святкаванне 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.