Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб адмене ахоўнай зоны Палескага запаведніка

28 июля 2017

Новы этап у адраджэнні тэрыторый, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ, які адмяняе ахоўную зону Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

Дакументам прадугледжана, што зараз гэтыя землі можна будзе выкарыстоўваць без раней устаноўленых абмежаванняў. Пры гэтым знакі радыяцыйнай небяспекі размесцяць непасрэдна ў межах запаведніка. Ахоўная зона мела шырыню адзін кіламетр і праходзіла па тэрыторыях пяці раёнаў Гомельскай вобласці.

У мінулым месяцы Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведаў Палескі запаведнік. Тады ж Кіраўнік дзяржавы абмеркаваў са спецыялістамі пытанне змянення меж гэтай ахоўнай тэрыторыі. З моманту аварыі на ЧАЭС радыяцыйны фон там значна знізіўся за кошт працэсаў паўраспаду. Акрамя таго, навуковыя даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў гарантуюць атрыманне на гэтых землях чыстай прадукцыі, а таксама бяспечнае развіццё мясной і малочнай жывёлагадоўлі.

Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік займае плошчу 216 тысяч гектараў. Гэта самая вялікая ў краіне прыродаахоўная тэрыторыя.