Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Герману Грэфу за надзейную работу ў нашай краіне

16 июля 2019
Мінск зноў пацвярджае статус спартыўнай сталіцы! У гэтыя дні  каля трох  тысяч спартсменаў і балельшчыкаў прымаюць удзел у Ашчадбанкіядзе.  Гэта нешта накшталт "карпаратыўнай алімпіяды".  12  дысцыплін - ад шахмат і крос-фіта - да лёгкай атлетыкі і міні-футбола.

На працягу тыдня  ў беларускай сталіцы вызначаць самых лепшых і спартыўных супрацоўнікаў банка.  Прафесійныя атлеты  ў спаборніцтвах не ўдзельнічаюць.  20  каманд аб'ядноўваюць прадстаўніцтвы банка з 17-ці краін. Напярэдадні адбылася цырымонія адкрыцця форуму.

Ну а сёння са старшынёй праўлення  Ашчадбанка сустрэўся наш Прэзідэнт.  Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Герману Грэфу за надзейную работу  ў нашай краіне. Нагадаем, на беларускім фінансавым рынку ўжо 10 гадоў дзейнічае даччыная структура - БПС-Ашчадбанк. Зрэшты, супрацоўнікі гэтай кампаніі таксама ўдзельнічаюць у спаборніцтвах.

Спаборніцтвы праходзяць на сямі спартыўных аб'ектах. Некаторыя з іх  зусім нядаўна былі і пляцоўкамі ІІ Еўрапейскіх гульняў. Дарэчы, жывуць удзельнікі Ашчадбанкіяды  ў той самай студэнцкай вёсцы, дзе размяшчаліся спартыўныя каманды з усяго кантынента. Такія спаборніцтвы банк наладжвае  раз у два гады. Ну а выбар Мінска яшчэ раз падкрэслівае - у нашай сталіцы функцыянуюць арэны сусветнага ўзроўню, здольныя прыняць спаборніцтвы любога статусу.

Ашчадбанк на нашым рынку - важны гулец і адзін з найбуйнейшых замежных інвестараў. Работа  фінансавай структуры такога ўзроўню ў Беларусі - добрае пацверджанне прывабнасці для замежнага капіталу.

Зараз банк робіць стаўку на развіццё высокіх тэхналогій у нашай краіне. Як распавёў журналістам Герман Грэф, у Расіі ў гэтую сферу штогод інвестуюць каля двух мільярдаў долараў.