Аляксандр Лукашэнка агучыў падрабязнасці перамоў прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў Сочы

23 сентября 2018

Сталі вядомыя падрабязнасці перамоў прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў Сочы. Іх агучыў Аляксандр Лукашэнка на вялікай нарадзе па выніках дыялогу Мінска і Масквы. Абмяркоўвалі самы шырокі спектр тэм, і вырашэнні па большасці пытанняў знойдзеныя. Асновай перамоў стала выкананне Расіяй і Беларуссю дамоўленасцяў і пагадненняў, дасягнутых раней.

Прынцыповая пазіцыя нашага боку ў дакладным выкананні ўсіх існуючых абавязацельстваў. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, перамовы былі цяжкімі, але выніковымі. Беларусь і Расія дамовіліся на працягу тыдня выпрацаваць план узаемных паставак сельгаспрадукцыі. На вышэйшым узроўні ў Сочы абмеркавалі пытанні прамысловай кааперацыі і стварэння роўных умоў для гаспадарчых суб'ектаў Беларусі і Расіі. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмеркавалі палітычныя пытанні, узаемаадносіны Расіі і Беларусі ў рамках ЕАЭС, СНД, АДКБ і далейшага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Асобным блокам на перамовах у Сочы гучаў атамны праект. У прыватнасці, гаварылі аб падаўжэнні тэрміну звароту крэдыту на будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі і паніжэнні працэнтнай стаўкі. Гэта звязана з парушэннем расійскім бокам тэрмінаў па ўзвядзенні АЭС.

Аб выніковасці прамога дыялогу ў Сочы і рашучасці лідараў зняць усе набалелыя пытанні гаворыць тэлефонная гутарка прэзідэнтаў, якая напярэдадні адбылася па ініцыятыве расійскага боку. Кіраўнікі дзяржаў удакладнілі шэраг пытанняў, якія абмяркоўваліся ў Сочы. Не чакаючы сустрэчы ў Душанбэ, лідары канчаткова вырашылі пытанне аб выкананні дамоўленасцяў па паступленні ў бюджэт Беларусі сродкаў ад мытных пошлін за сырую нафту і аб разліках Беларуссю за прыродны газ, які пастаўляецца кампаніяй "Газпрам". А гэта галоўнае пытанне і падмурак эканамічнага блока.

У цэлым, ад саюзных абавязацельстваў Беларусь не адступіць, але як сур'ёзны суб'ект міжнародных адносін будзе змагацца за літаральнае і безумоўнае выкананне ўсіх дамоў і пагадненняў, якія існуюць паміж Мінскам і Масквой.