Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з узорамі ўзбраення беларускай вытворчасці

5 октября 2018

Навінкі ваеннай і спецыяльнай тэхнікі айчыннай вытворчасці сёння прадставілі Прэзідэнту. З узорамі, распрацаванымі беларускімі спецыялістамі, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся на палігоне ў Івацэвіцкім раёне. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што неабходнасць ствараць у краіне ўласнае найноўшае ўзбраенне і ваенную тэхніку, а таксама мадэрнізаваць ужо наяўную дыктуе час. За апошнія гады ў Беларусі прыйшлося некалькі разоў прыстасоўваць Узброеныя сілы да сучасных умоў. Быў улічаны вопыт войнаў і лакальных канфліктаў на планеце, развіццё тэхнічных сродкаў. За гады суверэнітэту краіна прайшла мноства этапаў. Захавала тое, што дасталася ў спадчыну ад былога Саюза, вызначылася з колькасцю арміі, а паралельна на фоне канфліктаў на Блізкім Усходзе прыстасоўвала яе да сённяшніх умоў. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што нават у мірны час порах трэба трымаць сухім. Прыярытэтная задача - абараніць Беларусь. І для гэтага трэба ствараць самую сучасную армію і адпаведнае ўзбраенне.

Пасля агляду тэхнікі адбыўся і практычны паказ яе магчымасцяў. Умоўныя цэлі паражаліся з дапамогай беспілотных лятальных апаратаў розных мадыфікацый. Таксама на палігоне працавалі снайперы ў звязцы з робатызаваным баявым комплексам і цяжкай тэхнікай. Была выпрабаваная і сістэма навігацыйнага бамбакідання. Пасля гэтага Кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні журналістаў. Адно з іх датычылася іміджавага складальніка сучаснай арміі. Зараз ідзе восеньскі прызыў. І ў савецкі час гэта было вялікай падзеяй для ўсіх, асабліва для будучых абаронцаў Бацькаўшчыны. Зараз жа часта сваякі робяць усё магчымае для таго, каб сына не забралі ў армію. Як жа вярнуць прэстыж тэрміновай службе?

Журналісты таксама пацікавіліся ў Прэзідэнта, на якіх кірунках у беларускім ВПК трэба засяродзіць увагу ў будучыні. Тут стаўка на стварэнне новых узораў айчыннай зброі і мадэрнізацыі наяўнай тэхнікі ўласнымі сіламі. Таксама Кіраўнік дзяржавы жорстка раскрытыкаваў законапраект аб процідзеянні хатняму насіллю. Дакумент распрацоўвала Міністэрства ўнутраных спраў. На думку Аляксандра Лукашэнкі, ім павінны займацца іншыя структуры: прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскія арганізацыі, урад, Адміністрацыя Прэзідэнта. Але меркаванне міліцыі пры гэтым, вядома, улічваць трэба, падкрэсліў Прэзідэнт. Падрабязнасці ў наступных выпусках.