Аляксандр Лукашэнка застаўся незадаволены развіццём сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай вобласці

25 марта 2019

АПК патрэбныя свежыя ідэі для развіцця. Неабходна актыўна генерыраваць новыя напрамкі ў сельскай гаспадарцы. Такую задачу сёння паставіў Прэзідэнт падчас наведвання прадпрыемства "Газавік-Сіпакова" ў Шклоўскім раёне. Кіраўніку дзяржавы расказалі пра сацыяльна-эканамічнае развіццё гэтага рэгіёна і ў цэлым Магілёўскай вобласці, а таксама аб правядзенні вясенніх палявых работ. 

Масавая сяўба ўжо пачалася. Заканамерна  больш актыўна ідзе яна на поўдні - у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Сёлета перад аграрыямі задача - сабраць не менш чым 8,5 мільёна тон збожжа. А вось ва ўсходнім рэгіёне толькі некаторыя гаспадаркі пачалі падсяванне травы. Сёння Прэзідэнта дэталёва праінфармавалі аб выніках працы прадпрыемства "Газавік-Сіпакова". За мінулы год сацыяльна-эканамічныя паказчыкі тут лепшыя ў Шклоўскім раёне. Займаюцца мяса-малочнай прадукцыяй і плануюць пашыраць гэты напрамак. Уражвае і ўраджайнасць рапсу, на 90 % удаецца забяспечваць гаспадарку бялком для камбікорму ва ўласным цэху. А праз год-два тут плануюць рабіць рапсавы алей. У свой час агранамічная служба прадпрыемства правяла вялікую работу па павелічэнні сяўбы шматгадовай травы. Гэта ўжо 1 тысяча 400 гектараў. Такіх жа навацый і аграэксперыментаў Кіраўнік дзяржавы патрабуе ва ўсіх сферах АПК, бо такіх гаспадарак у Магілёўскай вобласці адзінкі. Таму ў цэлым Аляксандр Лукашэнка застаўся незадаволены развіццём сельскай гаспадаркі ў рэгіёне, які па паказчыках знаходзіцца на апошніх месцах.

Сельгаспрадпрыемства "Газавік-Сіпакова" - гэта структурнае падраздзяленне  РУП "Магілёўаблгаз", але пры гэтым галаўная арганізацыя фінансуе толькі доўгатэрміновыя праекты. Заработная плата, паліва, угнаенне - на ўсё гэта грошы ідуць з уласнай выручкі. У планах у аграрыяў праз некалькі гадоў выйсці на поўнае самафінансаванне. У гэтай сувязі даручэнне Прэзідэнта - яшчэ раз вывучыць такі вопыт замацавання гаспадарак за буйнымі прадпрыемствамі. Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з гатоўнасцю тэхнікі да палявых работ, умовамі яе захоўвання і абслугоўвання на прадпрыемстве. Наведаў некалькі рамонтных цэхаў і пагутарыў з механізатарамі. 

Гаварылі і ў цэлым аб перспектывах АПК, і  аб заработнай плаце ў галіне ў Шклоўскім рэгіёне. Пастаўлена задача за найбліжэйшыя  некалькі  гадоў дасягнуць сярэдняй зарплаты на сяле  тысячу рублёў. Дарэчы, у "Газавік-Сіпакова" працуе маладая каманда, сярэдні ўзрост - 40 гадоў, а зарплата летась склала амаль 900 рублёў.