Аляксандр Лукашэнка звярнуўся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу

24 апреля 2018

Галоўная падзея дня і палітычная падзея года - Пасланне Прэзідэнта да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Сёння Аляксандр Лукашэнка традыцыйна падвёў вынікі жыцця краіны за год, які прайшоў з моманту папярэдняга Паслання, расставіў акцэнты і пазначыў прыярытэты на будучыню.

Падняты цэлы пласт пытанняў, якія датычацца знешняй і ўнутранай палітыкі, эканомікі, сацыяльных стандартаў. Гаворачы пра Беларусь на сусветнай арэне, Кіраўнік дзяржавы выступіў за прадметны разгляд назапашаных у Еўразійскім эканамічным саюзе праблем. З моманту стварэння ЕАЭС пайшоў чацвёрты год, было шмат планаў і перспектыўных праектаў. Але некаторыя дагэтуль далёкія ад рэалізацыі.

Галоўная мэта ў Беларусі застаецца нязменнай - пабудова дзяржавы для народа. Частка прэзідэнцкага Паслання датычылася эканомікі. У прыватнасці, беларускі лідар падкрэсліў, што час планава-размеркавальнай эканомікі беззваротна мінуў. Сёння варта ўзмоцнена змагацца за рынкі збыту. Краіне патрэбныя разумныя сучасныя кіраванцы.

Кіраўнік дзяржавы жорстка выказаўся наконт карупцыі. У краіне створаныя дзейсныя механізмы барацьбы з гэтымі злачынствамі, якія згубным чынам уплываюць на эканоміку. На думку Прэзідэнта, хабарніцтва здольна падарваць аснову любой дзяржавы. Менавіта яно стварае глебу для росту ценявой эканомікі і падрывае давер людзей да дзяржавы. У Беларусі не павінна быць месца карупцыі.

Кіраўнік дзяржавы адказаў таксама на пытанні дэпутатаў. Размова ў гэтыя хвіліны працягваецца ў Авальнай зале. Паднімаюцца тэмы арэнднага жылля, якасці дарог, адукацыі, у тым ліку і на беларускай мове. Падрабязнасці Паслання Прэзідэнта да народа і парламента ў нашых наступных выпусках. Тэлеверсію пакажуць усе беларускія тэлеканалы сёння ў 9 вечара. У сувязі з гэтым "Панарама" выйдзе ў эфір у 20:30.