Аляксандр Лукашэнка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і парламента

24 апреля 2018

Актуальныя пытанні развіцця краіны і грамадства, вектары знешняй і ўнутранай палітыкі Беларусі. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і парламента.

У Авальнай зале Дома ўрада сабраліся вышэйшыя службовыя асобы, прадстаўнікі ўрада, органаў дзяржкіравання, найбуйнейшых прадпрыемстваў, вядучых ВНУ, банкаў, дыпкорпусу. Традыцыйна пазначаныя прыярытэты Беларусі на найбліжэйшы час і расстаўленыя акцэнты на праблемах, якія ўжо сёння патрабуюць рашэння. Так, беларускі лідар адзначыў рост экспарту, нізкую інфляцыю, пашырэнне магчымасцяў для вядзення бізнесу ў краіне і пабудовы IT-краіны. Камфортныя ўмовы для бізнесу павінны стаць нацыянальным брэндам.

Галоўная мэта застаецца нязменнай - пабудова дзяржавы для народа. Пры гэтым эканамічны арыентыр - ВУП - не меней за сто мільярдаў долараў ужо да канца наступнай пяцігодкі. Гаворачы пра знешнюю палітыку, Прэзідэнт паставіў задачу павышаць ролю Беларусі на міжнароднай арэне. Дзяржава можа заняць сваю нішу ў свеце, стаўшы самастойным рэгіянальным гульцом. Краіна працягне развіваць супрацоўніцтва з рознымі партнёрамі, ураўнаважваць свае інтарэсы паміж палюсамі сілы.

Кіраўнік дзяржавы выступіў таксама за прадметны разгляд назапашаных у Еўразійскім эканамічным саюзе праблем. З моманту стварэння ЕАЭС пайшоў чацвёрты год. Але некаторыя праекты дагэтуль далёкія ад рэалізацыі.

Асобныя блокі выступлення Прэзідэнт прысвяціў сацыяльнай палітыцы, пытанням бяспекі. Выступленне падоўжылася амаль паўтары гадзіны і стала самым лаканічным у гісторыі. Пасля гэтага Кіраўнік дзяржавы яшчэ адказаў на пытанні дэпутатаў. Паднятыя тэмы арэнднага жылля, вылучэння зямельных участкаў, якасці дарог, адукацыі, у тым ліку і на беларускай мове.