Сустрэча Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пятага і шостага скліканняў адбылася ў Авальнай зале Дома ўрада.
Звяртаючыся да парламентарыяў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь павінна пераадолець негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы і выйсці на ўстойлівыя тэмпы развіцця. У найбліжэйшыя чатыры гады парламентарыям трэба будзе ўдасканальваць дзеючыя і прымаць новыя законы, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці эканомікі, выключэнне бар'ераў для бізнесу, прыцягненне інвестыцый у краіну, стварэнне рабочых месцаў і развіццё рэгіёнаў. Шматлікае маецца зрабіць для далейшага паляпшэння сацыяльнай сферы. У прыватнасці, падтрымкі малазабяспечаных грамадзян, удасканалення сістэмы адукацыі, жыллёвага і працоўнага заканадаўства.
Гаворачы аб працы парламента за гады незалежнасці Беларусі, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за гэты час створана добрая заканадаўчая база, якая ўлічвае як айчынны, так і замежны вопыт. Таксама Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гатовы сёння да любых рэформ, але галоўнае, каб да іх быў гатовы народ. Пры гэтым трэба разумець, што такое структурныя рэформы, і да чаго яны прывядуць. Прэзідэнт адзначыў важнасць умацавання кантактаў як Беларусі ў цэлым, так і беларускіх дэпутатаў і сенатараў з дзяржавамі Паўднёва-Усходняй Азіі і Лацінскай Амерыкі, з якімі ў нашай краіны супадаюць пазіцыі і ёсць узаемная падтрымка па шматлікіх міжнародных пытаннях.













