Аляксандр Лукашэнка аб закрыцці Расіяй мяжы

16 марта 2020
У цэнтры ўвагі ў Палацы Незалежнасці была і сітуацыя з закрыццём Расіяй сваёй мяжы з Беларуссю. Такое рашэнне нашы суседзі прынялі з-за каранавіруса. На сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі і дзяржсакратаром Савета бяспекі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: тое, што адбываецца вакол, вядома, ігнараваць не трэба, але разам з тым гэта не падстава для вельмі моцных хваляванняў. Больш эфектыўна было б працаваць разам, напрыклад, на сумеснай мяжы Саюзнай дзяржавы пад Брэстам арганізаваць кантроль. Прэзідэнт распавёў, што Расія прапаноўвала накіраваць у Беларусь 3 тысячы тэстаў на выяўленне каранавіруса. Там заўважылі паспяховы вопыт нашых медыкаў на заходнім кірунку. 

А. Лукашэнка: дзейнічаць трэба кропкава

Прэзідэнт даручыў прааналізаваць сітуацыю і дакладна вызначыцца, як краіна будзе рэагаваць далей. Галоўнае -  не павінны пацярпець людзі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з вірусамі трэба змагацца па сутнасці: прафесійна і кропкава. Важна прытрымлівацца ранейшых дзеянняў: калі ёсць хоць малое падазрэнне, праверыць чалавека і пры неабходнасці адпраўляць на каранцін.