Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Егіпет і Судан

15 января 2017

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Егіпет і Судан.

Першым у графіку сустрэч і перамоў на вышэйшым узроўні Каір. Сёння раніцай борт нумар адзін вылецеў з Нацыянальнага аэрапорта Мінск.

Гэта першая замежная паездка Кіраўніка беларускай дзяржавы ў новым годзе. Адразу пасля прыбыцця ў Каір Аляксандр Лукашэнка правядзе перамовы з егіпецкім калегам Абдэлем Фатахам аль-Сісі. У цэнтры ўвагі супрацоўніцтва ў эканоміцы. Размова пойдзе і наконт сітуацыі на Блізкім Усходзе, каардынацыі намаганняў у барацьбе з міжнародным тэрарызмам, а таксама наконт супрацоўніцтва ў галіне атамнай энергетыкі, машынабудаванні і будаўніцтве. Па выніках перамоў плануецца падпісанне двухбаковых дакументаў. Сёння таксама запланаваная сустрэча Прэзідэнта Беларусі з міністрам абароны і ваеннай прамысловасці Егіпта.

Візіт СМІ ўжо назвалі знакавым, бо ён праходзіць напярэдадні 25-й гадавіны наладжвання дыпадносінаў паміж краінамі. Для Беларусі арабская дзяржава не толькі важны палітычны і эканамічны партнёр у Паўночнай Афрыцы, але і апорны пункт на ўсім кантыненце. Егіпет, у першую чаргу, зацікаўлены ў стварэнні сумесных вытворчасцяў. Размова ідзе не толькі аб супрацоўніцтве ў машынабудаўнічай галіне. Такія брэнды, як МТЗ, МАЗ і Белшына, дзесяцігоддзямі працуюць на Афрыканскім кантыненце. Прынцыпова новым стане ўзаемадзеянне ў ахове здароўя. Краіны маюць намер стварыць сумесную вытворчасць па выпуску лекаў.

Пасля Егіпта Аляксандр Лукашэнка накіруецца ў Судан. У Хартуме  Прэзідэнт Беларусі правядзе перамовы з лідарам гэтай краіны Амарам Хасанам Ахмедам аль-Башырам. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць перспектывы і асноўныя напрамкі развіцця беларуска-суданскіх адносін, вызначаць канкрэтныя крокі па іх пашырэнні. Асаблівую ўвагу нададуць пытанням эканамічнага супрацоўніцтва. Чакаецца заключэнне шэрагу дамоўленасцяў наконт развіцця ўзаемадзеяння ў розных сферах. Плануюцца таксама сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з віцэ-прэзідэнтам Судана і старшынёй Нацыянальнай асамблеі. Адбудзецца і беларуска-суданскі дзелавы форум.