Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Марынары Ватанабэ ганаровым знакам Нацыянальнага алімпійскага камітэта

7 августа 2017

Беларусь разлічвае вярнуцца ў эліту сусветнай спартыўнай гімнастыкі. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі Марынары Ватанабэ.

Таксама Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што мастацкая гімнастыка будзе станавіцца больш жаноцкай і спартсменкам не прыйдзецца прыкладваць звышчалавечых намаганняў для дасягнення высокіх вынікаў. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Ватанабэ за магчымасць правесці ў Мінску этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы на мінулым тыдні і паабяцаў падтрымку з боку Беларусі.

Марынары Ватанабэ, кіраўнік Міжнароднай Федэрацыі гімнастыкі:

"Я не ўпершыню наведваю Беларусь, але штораз захапляюся вашым народам і цудоўнай прыродай. Адчуваю сябе так, што Беларусь - мая другая радзіма. У Рыа вы выйгралі золата ў скачках на батуце. Гэта адна з дысцыплін, якая аб'ядноўвае нашы федэрацыі. На Алімпіядзе Беларусь можа заваяваць медалі ў мастацкай гімнастыцы, скачках на батуце, спартыўнай гімнастыцы. Паколькі наступныя Гульні будуць праходзіць у Японіі, на маёй радзіме, калі ласка, не саромейцеся прасіць мяне, калі я чымсьці магу вам быць карысным у гэтай сувязі".

Аляксандр Лукашэнка за вялікія заслугі ў прапагандзе ідэалаў і прынцыпаў алімпізму ўзнагародзіў Марынары Ватанабэ ганаровым знакам Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Акрамя таго, узнагароды ўдастоена віцэ-прэзідэнт FIG, а ў мінулым славутая савецкая гімнастка, выхаваная ў Беларусі, Нэлі Кім. Ёй за выдатныя заслугі Прэзідэнт уручыў ордэн НАК Беларусі. У сваю чаргу высокі госць выказаў упэўненасць, што ў Беларусі ёсць вялікі патэнцыял для заваявання медалёў на Алімпіядзе 2020 года ў Токіа.