Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Патрыкам Баўманам выказаў сваю пазіцыю па актуальных пытаннях развіцця сусветнага спорту

24 июля 2018

Беларусь - за чысціню і празрыстасць у спорце і мае шмат прэтэнзій да Міжнароднага алімпійскага камітэта. Такую прынцыповую пазіцыю выказаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з генеральным сакратаром Міжнароднай федэрацыі баскетбола Патрыкам Баўманам.

На думку беларускага лідара, нельга ператвараць спорт у частку бруднай палітыкі. Прэзідэнт краіны і як кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта выказаў сваю пазіцыю па актуальных пытаннях развіцця сусветнага спорту. А таксама чарговы раз пазначыў прэтэнзіі да МАК: структура не проста бюракратычная, яна часам безадказная. Досыць успомніць некалькі апошніх скандалаў, звязаных з Алімпійскімі гульнямі.

У лютым у Паўднёвай Карэі, напрыклад, шырокая аўдыторыя так і не зразумела, чаму суддзі не пусцілі ў фінал беларускага фрыстайліста Антона Кушніра. А два гады таму нашых весляроў бяздоказна адхілілі ад форуму ў Рыа нібы за парушэнне антыдопінгавых правіл. Суд апраўдаў беларусаў, але пакарання за самаўпраўнасць ніхто так і не панёс.

Генсак Міжнароднай федэрацыі баскетбола, член выканкама МАК і кіраўнік Глабальнай асацыяцыі міжнародных спартыўных федэрацый цалкам падтрымаў пазіцыю Аляксандра Лукашэнкі наконт развіцця спорту ў цэлым. А, акрамя таго, засведчыў: у свеце чуюць голас Беларусі і шануюць высілкі нашай краіны, накіраваныя на чысціню спорту. Бакі абмеркавалі праблему залішняй палітызаванасці спорту і шляхі яе рашэння. Баўман, чый уплыў у спорце вельмі вялікі - досыць успомніць, што яго паўнамоцтвы генсака ФІБА падоўжаныя да 2031 года, - таксама выказаў падзяку беларускаму боку за выдатную арганізацыю чэмпіянату свету па баскетболе сярод дзяўчат да 17 гадоў, які праходзіць у Мінску. Паводле слоў швейцарца, спаборніцтвы праводзяцца на вельмі высокім узроўні і іх ужо можна назваць паспяховымі.

У сусветнага спорту зараз дзве праблемы: допінг і маніпуляванне вынікамі. Пра гэта Патрык Баўман распавёў у эксклюзіўным інтэрв'ю праграме "Галоўны эфір". Швейцарац упэўнены, што хутка канкурэнцыю Алімпіядам складуць інтэлектуальныя гульні, кіберспорт. Патэнцыял Беларусі як ІТ-краіны дапаможа нашым суайчыннікам быць на першых пазіцыях у гэтых спаборніцтвах, лічыць Баўман. Падрабязней пра гэта ў нядзелю ў 9 вечара.