Аляксандр Лукашэнка: На ўнутраным рынку павінен быць толькі якасны прадукт

22 октября 2018

Развіццё лікёра-гарэлачнай галіны абмеркавалі сёння на нарадзе ў Прэзідэнта. Асноўныя пытанні - абарона ўнутранага рынку ад няякаснага алкаголю і шэрага імпарту, канкурэнцыя за айчынныя прылаўкі і павольны рост экспарту. Галоўная задача нязменная - на ўнутраным рынку павінен быць толькі якасны прадукт. Разам з тым, як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, у гэтай галіне ёсць і іншыя праблемы. Сярод іх нядобрасумленная канкурэнцыя і складанасці ва ўзаемаразліках. Пры гэтым ва ўсіх бакоў розныя погляды на вырашэнне гэтых задач. Пазіцыя Аляксандра Лукашэнка жорсткая: у любых новаўвядзеннях улічваць інтарэсы і спажыўцоў, і работнікаў галіны, паколькі змяненні закранаюць у першую чаргу людзей. Разам з тым павінны быць роўныя ўмовы і для дзяржаўных, і для прыватных вытворцаў. Прадоўжыць Вольга Макей.

Тэма вытворчасці і продажаў алкаголю на вышэйшым узроўні гучыць не ўпершыню. Тры гады таму дэталёва абмяркоўвалі праблемы і новыя кірункі працы, каб павысіць эфектыўнасць галіны. Прыйшоў час паглядзець на вынікі і прааналізаваць прынятыя рашэнні зыходзячы з прымянення на практыцы, прадумаць, якія яшчэ меры патрэбныя для паспяховай працы вытворцаў і прадаўцоў. Галоўная задача нязменная - абарона беларускага рынку ад падробак і кантрафакту, бо гэта пагроза здароўю. Таму жорсткі кантроль за вытворчасцю алкаголю - абавязак дзяржавы. І гэта агульнасусветная практыка.

У 2015 указам Прэзідэнта стварылі холдынг па выпуску алкагольнай прадукцыі. У яго ўвайшлі 7 буйных прадпрыемстваў і адна збытавая кампанія, кіруе ўсім "Мінск-Крышталь". І хоць аб'ёмы вытворчасці павялічыліся, экспарт расце павольна. Актуальным застаецца і пытанне дыверсіфікацыі продажаў. Па выніках мінулага года амаль палова экспарту прыпадала на адзін рынак - расійскі.

Як адзначыць віцэ-прэм'ер Русы, Беларусь адстойвае якасную прадукцыю і на пляцоўцы Еўразійскай эканамічнай камісіі. Пазіцыя афіцыйнага Мінска - захаванне абавязковай сертыфікацыі алкагольнай прадукцыі, бо гэта здароўе людзей. Так, алкаголь цяжка назваць карысным, але забараніць яго зусім наўрад ці выйдзе: заўсёды знойдуцца ўмельцы падзарабіць на нізкасартавым прадукце. Як раз абараніць ад такіх шэрых схем - галоўная задача дзяржавы.

Сярод праблем: даўгі (хоць зрухі ў гэтым пытанні ёсць), дзяржпрадпрыемствы страчваюць пазіцыі на ўнутраным рынку, невысокія тэмпы росту экспарту. Урад прапануе ўсталяваць адзіныя рознічныя цэны на некаторыя віды алкагольнай прадукцыі і ўдасканаліць механізм выкарыстання квот для вытворцаў. Будуць стымуляваць і экспартныя пастаўкі.

Прэзідэнт паставіў задачу: да новага года ўрэгуляваць усе пытанні. Ведамствам трэба будзе сабрацца разам і выпрацаваць агульную пазіцыю. Галоўная мэта - роўныя ўмовы (як для дзяржаўных, так і для прыватных кампаній) і аддача для дзяржавы.

Яшчэ адна важная тэма, з якой Кіраўнік дзяржавы наогул пачаў гэтую нараду, - сельская гаспадарка. Зараз аграрыі завяршаюць уборачныя работы, наперадзе падрыхтоўка да веснавой сяўбы. Гэтыя тэмы сёння дэталёва абмеркавалі, улічваючы яшчэ і тое, што ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі ўсе губернатары. Жорсткае патрабаванне Прэзідэнта - уборачныя работы завяршыць да 7 лістапада. Не павінна прапасці ні гектара ўраджаю, бо ў сельскую гаспадарку ўкладзена нямала. Зараз усё залежыць ад дысцыпліны і адказнасці.