Аляксандр Лукашэнка асабіста ацаніў ход уборачнай кампаніі

28 июля 2019

Уборачная кампанія ў самым разгары. І ад таго, як яна пройдзе, залежыць харчовая бяспека краіны. Усяго па Беларусі ўжо ўбраная траціна плошчаў. Аграрыі паклалі ў засекі два з паловай мільёны тон збожжа. Нават нягледзячы на ўсе капрызы прыроды, сярэдняя ўраджайнасць вышэйшая за леташнюю. Цяперашняя гарачая пара - адна з самых складаных. Сёлета тэхніку ў палі прыйшлося вывесці пазней за звычайнае. Адначасова з уборкай збожжа аграрыі працягваюць нарыхтоўку зялёных кармоў. Асаблівая ўвага - іх захаванасці, будаўніцтву траншэй і кансервацыі паводле новых тэхналогій. Гэта забяспечыць неабходную кармавую базу для жывёлагадоўлі. Усе праблемныя моманты ўборачнай у пачатку тыдня абмеркавалі на селектарнай нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы. А праз суткі Аляксандр Лукашэнка і сам адправіўся ў рэгіёны, каб асабіста ацаніць ход жніва і з зямлі, і з паветра. Прэзідэнцкая інспекцыя адразу па трох рэгіёнах краіны. З прыпынкам у Гомельскім рэгіёне. Без увагі не засталіся ні тэхніка, ні кадры. Сярод актуальных задач - папоўніць кармавыя запасы ў кожнай гаспадарцы, сабраць у дзяржрэзерв не меней за паўмільёна тон збожжа, актыўна працаваць з новымі тэхналогіямі.

Вынікі рабочай паездкі ў Гомельскі рэгіён у рэпартажы Веранікі Буты. Гэта не іспыт і не экстранная нарада. Гэта планавая размова з губернатарамі. Магчымасць атрымаць аб'ектыўную карціну адразу з усіх рэгіёнаў. І тут дробязяў няма: тэмпы працы, стан тэхнікі, запасы паліва, дысцыпліна. Уборачная кампанія - заўсёды самы гарачы сезон года, і цяперашнія ліпеньскія дажджы не тое што не астуджаюць, а наадварот, яшчэ больш задаюць дыхту.

Працягнуць інтэрв'ю з аграномам нам так і не атрымалася: багацця ападкаў не вытрымлівае нават наша камера. У такое надвор'е спыняецца і тэхніка ў палях. Самы вільготны месяц у годзе занёс свае карэктывы ў графік аграрыяў па ўсёй краіне. На рахунку кожны пагодлівы дзень, кожная сонечная хвіліна, кожны сухі каласок. Каб не выпусціць гэты каштоўны час, гутарка з чыноўнікамі амаль без адрыву ад вытворчасці. Поўная мабілізацыя высілкаў і максімальная канцэнтрацыя на месцах: цяперашняя гарачая пара чакаецца складанай. Сёлета праз непагадзь тэхніку ў палі масава вывелі на 10 дзён пазней за звычайнае.

Першымі жніво пачалі на Брэстчыне - тут экватар ужо даўно пройдзены. Па гэтым рэгіёне ў Прэзідэнта менш за ўсё перажыванняў. Галоўнае - мінімум страт у палях і максімум высілкаў, каб захаваць тое, што маем. Перасягнуць экватар на днях разлічвае і Гродзеншчына - дарэчы, гэты рэгіён вызначаецца самай высокай ураджайнасцю. Тут на парадак дня губернатар выносіць пытанне падтрымкі аграрыяў. Трэба абнавіць тэхнапарк. Прэзідэнт не супраць, але пры ўмове, што і вяскоўцы самі будуць па-гаспадарску ставіцца да машын.

На Гомельшчыне сёлета з'явіліся пытанні па рапсе: ураджайнасць мінімальная. Клімат змяняецца так хутка, што за ім, на жаль, не паспявае сельская гаспадарка. Кіраўнік дзяржавы які раз нагадаў: даўно ўжо час перагледзець структуру сяўбы. Гэта датычыцца ўсіх рэгіёнаў краіны. Скажам, у Віцебскай вобласці ўжо аддалі перавагу гібрыднаму жыту. А на Магілёўшчыне сутыкнуліся з гібеллю азімых праз цёплую зіму. Хутка пераарыентаваліся і засеялі гэтыя раёны ярыной і кукурузай. Пытанні па паліве паднімае сталіца. Тэма пад пільным кантролем урада. Дарэчы, Мінская вобласць - самы хлебны рэгіён краіны. Тут збіраюць чвэрць рэспубліканскага караваю.

Кіраўнік дзяржавы заўсёды вельмі педантычна ставіцца да пытанняў уборачнай кампаніі. І асабіста сочыць за ходам жніва і з зямлі, і з паветра. Прэзідэнцкая інспекцыя ў канцы гэтага тыдня па ўсходніх раёнах краіны. З акцэнтам на Гомельшчыну. Тут падчас селектара было больш за ўсё боязі за ўраджай. А гэта пачатковае звяно аднаго вялікага ланцуга. На якасці і вазе будучага каравая, ды і на выніках вобласці адбіваецца стан спраў прамысловых гігантаў. Для гэтага рэгіёна статыстыку шмат у чым робіць Гомсельмаш. На жаль, у прадпрыемства не самы лепшы фінансавы стан, ды хай і малымі тэмпамі, але тэхніка са складоў усё ж распрадаецца. Абмяркоўваюць і ўваходжанне казахстанскага капіталу, і дапамогу з боку дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка ў пытанні катэгарычны: па-першае, патрэбна стратэгія развіцця завода; па-другое, асаблівую ўвагу надаць кадрам, трэба даць дарогу маладым.

Тым часам на прадпрыемстве працуюць над новымі экзэмплярамі. З падачы Прэзідэнта гомельскія канструктары сабралі першы ў свеце камбайн на газавым паліве. Навінку прэзентавалі летась. Зараз найважнейшае выпрабаванне - у полі. Сабрана пакуль усяго 8 камбайнаў. Першую для сябе ўборачную яны праводзяць на Гомельшчыне. Па выніках жніва зробяць канчатковыя высновы аб далейшым лёсе гэтай машыны. Але ўжо зараз відавочна: толькі на паліве эканомія ўтрая. Так, камбайн пакуль даражэйшы працэнтаў на 15. Але выпуск у серыйную вытворчасць павінен трохі знізіць кошт машыны. Новыя беларускія экакамбайны пакажуць у лістападзе на найбуйнейшай міжнароднай выставе сельгастэхнікі ў нямецкім Гановеры.

Веткаўшчына - класічны прыклад аграрнага рэгіёна. Эканоміку больш як на 60 % вызначае сельская гаспадарка насуперак радыяцыі. Веткаўскі раён быў у дваццатцы самых забруджаных рэгіёнаў Беларусі. Але даказаў: пры правільных методыцы і тэхналогіях тут таксама можна атрымаць чыстую прадукцыю. Па вопыт ужо звяртаюцца Украіна і Японія. Гэта птушкафабрыка ў Навасёлках. Крыніца для мясцовага бюджэту і амаль дзве сотні рабочых месцаў. Два гады таму задумвалася як магутная вытворчасць. Але шлях да рэнтабельнасці аказаўся занадта цяжкім, было вырашана працягнуць працу пад крылом "Беларуснафты-Асобіна". Пачынаюць выходзіць у плюс. І з упэўненасцю глядзець у заўтра. Добрая праца - падстава не цягнуць латарэю ў вялікім горадзе і застацца ў рэгіёне. Таму, каму вакансій не хапае, прапаноўваюць адкрыць свой бізнес. У Ветцы таксама ідуць гэтым шляхам. За тры гады ў гэтым раёне ў прыватныя рукі перайшлі амаль чатыры дзясяткі пустых плошчаў, на базе якіх прадпрымальнікі стварылі больш за 100 рабочых месцаў. Складана паверыць, але Веткаўшчына - адзін з самых пацярпелых рэгіёнаў ад трагедыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Аб аварыі тут мала што нагадвае, хіба толькі што тут не так шматлюдна. У свой час з раёна з'ехала больш за палову мясцовых жыхароў. Зараз, праз больш як 30 гадоў, многія вяртаюцца. Гавораць, тут жыць стала значна лепей.

Рэгіён кожны год трохі большае. А таму актыўна тут пачынаюць будаваць і жыллё. Сёлета ў раёне плануюць забяспечыць кватэрамі дзве тысячы шматдзетных сем'яў. Усяго па вобласці неабходна каля 6 000. Прэзідэнт перасцерагае: важна не канцэнтравацца толькі на буйных населеных пунктах, тады такая жыллёвая палітыка будзе спрыяць раўнамернаму размеркаванню рабочай сілы па краіне.

Мястэчка сапраўды змянілася: адрамантавалі бальніцу, зрабілі новы аўтавакзал, пажарную часць, супермаркет, а зараз яшчэ ёсць і магчымасць аздаравіцца. Падчас мінулага візіту ў гэты раён Аляксандра Лукашэнку папыталі пабудаваць тут басейн. Зараз сюды прыязджаюць жыхары і з суседніх рэгіёнаў. Тут працуюць дзве секцыі: для дарослых і дзяцей. Спадзяюцца разглядзець будучых чэмпіёнаў. Аляксандр Лукашэнка і сам прытрымліваецца здаровага ладу жыцця і ўсяляк садзейнічае таму, каб магчымасць займацца спортам была ва ўсіх падлеткаў. Усяго ж у раёнах, пацярпелых ад Чарнобыля, сёння дзейнічае больш як паўтысячы спартыўных аб'ектаў.

Не падзякаваць Прэзідэнту за яго асабістае садзейнічанне ў аднаўленні такіх рэгіёнаў, як Веткаўшчына, мясцовыя жыхары не маглі. Ведаючы, што ў чацвер у раёне будзе працаваць Кіраўнік дзяржавы, яны з раніцы пачалі збірацца непадалёк ад новага басейна. Ведалі, Аляксандр Лукашэнка, па-першае, абавязкова захоча пабачыць, як было выканана яго даручэнне, па-другое, не пройдзе міма прысутных. Усё жыццё ў Веткаўскім раёне пражыў і Іван Іванавіч. Нашай здымачнай групе прызнаецца: і думкі не было з'ехаць, нават тады, пасля Чарнобыльскай трагедыі. Праз гады аб сваім рашэнні не шкадуе - пра гэта ён скажа ўжо асабіста Кіраўніку дзяржавы. Размова атрымалася вельмі шчырай. На памяць аб сустрэчы з першай асобай краіны не толькі фатаграфіі, але і салодкія падарункі - фірмовы шакалад без цукру. А Прэзідэнту ад жыхароў рэгіёна - абраз са святымі апекунамі гомельскай зямлі. І фотаальбом, дзе сабралі ўсе візіты Кіраўніка дзяржавы. Пасля кожнага з іх тут нешта змянялася… і змянялася на лепшае.