Аляксандр Лукашэнка: Гісторыя Брэста - здабытак усёй краіны

6 сентября 2019

Безумоўна, гістарычным момантам для Брэста стаў запуск Заходняга абходу. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новай сучаснай развязкі прыняў удзел Прэзідэнт. У гэтыя асаблівыя для Брэста дні Кіраўнік дзяржавы, вядома, побач з жыхарамі горада. Будаўніцтва Заходняга абходу - гэта не проста пазбаўленне ад затораў,  а вялікі ўнёсак у эканоміку рэгіёна і развіццё транзітнага патэнцыялу краіны. Увогуле  маштабны і ўнікальны праект. І толькі лішні раз пацвярджае: беларускім спецыялістам усё па сілах. Тысячагадовы юбілей стаў добрай магчымасцю прывесці абласны цэнтр у парадак. І Прэзідэнт адзначыў, як змяніўся горад. Звяртаючыся да тых, хто прыйшоў на свята, Аляксандр Лукашэнка так і сказаў: "Гісторыя Брэста - здабытак усёй краіны. Яго сучаснае аблічча - падстава для агульнага гонару". З Брэста  вялікі рэпартаж Вольгі Макей. 

Брэсту 1000 гадоў

Накіроўваючыся ў Брэст з Мінска,  немагчыма не заўважыць гэтага зубра-гіганта. Ён такі ж сімвал рэгіёна, як і ўся Белавежская пушча, якую апявалі "Песняры" і маляваў Шышкін. А яшчэ Брэст - гэта крэпасць-герой, якая першай прыняла ўдар Вялікай Айчыннай і выстаяла. Гэта зямля - радзіма першага беларускага касманаўта. І кузня спартыўных кадраў: гэта і вяслярны канал, і БГК Мяшкова, і "Дынама" з самымі адданымі футбольнымі балельшчыкамі. Словам, гісторыяй і сучаснасцю мясцовыя жыхары ганарацца. 

Брэст першым атрымаў Магдэбургскае права. Тут на тэрыторыі сучаснай Беларусі з'явілася першая друкарня і нават першы водаправод. А яшчэ першы манетны двор і першы кінематограф. Старажытныя традыцыі тут захоўваюць дагэтуль. Напрыклад, кожны вечар святло ў горадзе запальвае знакаміты ліхтаршчык. 

А яшчэ ў Брэсце з'явілася першая ў краіне свабодная эканамічная зона. Гэта не дзіўна, горад прыгранічны. Гэта заходнія вароты Беларусі. Паток людзей і машын тут каласальны.

Прэзідэнт прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Заходняга абходу Брэста

Каб разгрузіць горад, прынялі рашэнне будаваць Заходні абход. З'яўленне такой дарожнай развязкі  было даручэннем Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка праблемы гараджан ведае, таму яшчэ ў 2012 быў падпісаны ўказ аб будаўніцтве. Але сённяшні дзень пачынаюць шырэй -  з пытанняў АПК, бо гэта таксама важная частка жыцця рэгіёна. Збожжавыя вобласці ўжо ў засеках, убіраюць кукурузу, нарыхтоўваюць кармы. 

Вось такая святочная ліўрэя  гэтымі днямі і ў гарадскога транспарту. На адным з аўтобусаў па новай развязцы адпраўляецца і Прэзідэнт, фактычна першым адкрываючы рух Заходняга абходу. Па шляху, вядома, цікавіцца ўнікальным аб'ектам.

Аўтобус едзе  на вышыні 10 метраў. Уся развязка літаральна лунае ў паветры. У гэтым галоўная складанасць будаўніцтва. 

Пуцеправод узводзілі прама над ажыўленым рухам. Без паўз ездзілі і цягнікі. На гэтых кадрах, якія мы здымалі тыдні два таму, добра бачная даўжыня затора і адпаведнага грузавога састава. Менавіта таму развязку  чакалі. Каб трапіць у цэнтр з гарадскіх раёнаў Рэчыца і Дуброўка,  даводзілася выязджаць з вялікім запасам. Спыніўся на пераездзе - спазніўся. А чыгунка перасякае аўтамабільную  ў пяці месцах. 

У Брэсце адкрылі самы вялікі пуцеправод у краіне

Зараз гэта самы вялікі пуцеправод у краіне працягласцю  больш  чым два з паловай кіламетры. Дыяметр - 140 метраў. Рух чатырохпалосны, а трымаюць развязку больш  за тысячу бэлек. У будаўніцтве выкарысталі сто тысяч тон бетону. Чырвоную стужку, якая дае зялёнае святло руху, пераразае Прэзідэнт.

Акрамя транспартнай праблемы (а горад зараз будуць аб'язджаць яшчэ і фуры), Заходні абход захавае і экалогію Брэста. Пастаянныя заторы  і рух цяжкагрузаў  уплывалі на атмасферу. Акрамя таго, новая развязка - гэта яшчэ і стратэгічны маршрут для эканомікі рэгіёна і ўсёй краіны. 

Узвялі ўнікальны аб'ект  за два з паловай гады. Праектавалі і будавалі  брастаўчане. Гэта сотні спецыялістаў  у самых розных сферах. Падчас размовы  з калектывам Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў паўторыць: галоўнае - не страціць вопытныя будаўнічыя кадры.

У працэсе складанага будаўніцтва прыйшлося знесці 19 дамоў. Жыхары паставіліся з разуменнем, ды і кампраміс быў знойдзены: для 25 сем'яў пабудавалі новыя апартаменты. І гэта таксама важны аспект: для Прэзідэнта галоўнае, што людзей не кінулі ў такой сітуацыі.

А. Лукашэнка: Беларусы павінны ўсё рабіць самі. Калі не ўмеем - трэба навучыцца

Для будаўнікоў, здаецца, гэта самы важны момант у іх прафесійным  жыцці. Як гавораць у гэтай сферы, прыёмка аб'екта  на самым высокім узроўні. І хаця ўзводзілі гэты складаны праект сваімі рукамі, за падтрымку дзякуюць Прэзідэнту.

А яшчэ горад над Бугам, як скажа сам Прэзідэнт, для яго родны - усё ж служыў у Брэсцкім пагранатрадзе. Юны архітэктар Кацярына Маразюк, якая вырасла ўжо ў сучасным Брэсце, пацікавіцца ўражаннямі ў Аляксандра Лукашэнкі.

Брэст стаў сапраўдным горадам для жыцця: ёсць і басейн адзін з лепшых у краіне, праўда, скажа Прэзідэнт, хацелася б і аддачы ў плаванні ў выглядзе медалёў, у лёгкай атлетыцы  пасля  "Белай маланкі" Несцярэнкі, вялікія надзеі і на гандбалістаў. Словам, для дасягнення вынікаў усё ёсць. Нават выдатная лыжаролерная траса ўздоўж знакамітага вяслярнага канала. Праўда, людзей на ёй сустрэнеш не часта. А  гэта ж  здароўе.

А. Лукашэнка: Сёння Брэстчына ўяўляе сабой узор стабільнага развіцця

На новай развязцы развіццё горада, вядома, не спыняецца. Усяго ў Брэсце да юбілею з'явіліся два дзясяткі аб'ектаў. Галоўнае - зрабіць гарадское асяроддзе зручным  для жыцця. І ў гэтым вялікі ўклад брэсцкіх будаўнікоў. Ім Аляксандр Лукашэнка сёння дзякуе асобна. Галоўнае - не забудоўваць горад шклянымі небаскробамі, усё ж важна захаваць утульнасць і аўтэнтычнасць. 

На памяць аб гэтай сустрэчы ў  якасці падарунка Прэзідэнту  макет самага вялікага пуцеправода краіны. Ён зойме сваё месца ў музеі Палаца Незалежнасці.

Ужо пазней Заходні абход напоўнілі машыны. Вадзіцелі пакуль асцярожнічаюць, да такога руху не  прывыклі. Але гэта справа часу, які зараз марнаваць не будуць. 

Сёння жыццё ў самым аддаленым ад Мінска абласным цэнтры  нічым не адрозніваецца ад сталічнага. Тут свае паркі, пешаходныя вуліцы. Словам, ёсць  месцы не толькі для цікавага баўлення  часу, але і для камфортнага жыцця. Рэканструявалі набярэжную, абнавілі парк адпачынку, пабудавалі школу, дзіцячы сад і іншыя аб'екты. 

Вядома, да свята Брэст змяніўся! Галоўнае зараз - падтрымліваць горад у такім парадку. Ну а каб ацаніць маштаб і прыгажосць тысячагадовага горада, лепш зірнуць на яго з вышыні, і такая магчымасць тут ёсць. 

Дарэчы, зрабіць Брэст зялёным  - задача, якую яшчэ трэба рэалізаваць. Прэзідэнт  пра гэта сёння таксама гаварыў мясцовым жыхарам. Прымаць удзел у суботніках, падтрымліваць прыгажосць роднага горада. 

А. Лукашэнка: Гісторыя Брэста - набытак краіны. Яго сучаснае аблічча - падстава для агульнага гонару

Знакамітая песняроўская "Белавежская Пушча" сёння адкрывала ўрачысты паказ, які  і дае старт святкаванню міленіуму. Звяртаючыся да брастаўчан, Кіраўнік дзяржавы нагадае: гісторыя гэтага горада - набытак усёй краіны. Нават прывядзе незвычайнае параўнанне. На гэтым здымку, зробленым нашым касманаўтам Навіцкім, Брэст нагадвае птушку, што расправіла  крылы. У гэтым сімвалічны лёс горада, які не раз згараў дашчэнту, але заўсёды адраджаўся. У памяці пакаленняў і гераічнасць у часы Вялікай Айчыннай, і роля Брэста  падчас Сярэднявечча, і, вядома,  сучаснасць. Ды і ў лёсе нашага Прэзідэнта горад над Бугам  адыграў важную ролю.

Звяртаючыся да маладога пакалення брастаўчан, Аляксандр Лукашэнка зробіць важны акцэнт: за мінулае тысячагоддзе ў гісторыю гэтай зямлі ўпісана нямала гераічных старонак, зараз маладым беларусам трэба ствараць будучыню горада. 

На памяць аб свяце  падарунак Прэзідэнту: хрустальная ваза з васількамі як сімвал радзімы. У гонар юбілею ўнікальны падарунак атрымаў і сам горад. Гэта экзэмпляр Берасцейскай Бібліі, надрукаваны тут у 1563 годзе ў той самой першай друкарні на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Гэтую рэліквію лічаць шэдэўрам паліграфічнага мастацтва эпохі Рэнесансу. 

Сакральную кнігу Прэзідэнт перадае гораду з рэмаркай: у жыхароў Брэста абавязкова павінен быць доступ да рэліквіі. Зрэшты, ужо зразумела: цікавасць да Бібліі будзе вялізнай! Нават сёння колькасць  ахвотнікаў дакрануцца да выдання, якое вярнулася ў горад  амаль  праз паўстагоддзя, была вялізнай. 

Ну а Прэзідэнта брастаўчане праводзілі апладысментамі  са словамі падзякі за шчаслівае і спакойнае жыццё ў горадзе, які сёння пачаў сваё новае тысячагоддзе.