Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустрэліся ў Палацы кангрэсаў у Стрэльні

3 апреля 2017

Выбух у метро ўнёс свае карэктывы і ў дыялог Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным. Уласна, з гэтага сустрэча ў Палацы кангрэсаў у Стрэльні і пачалася. Хоць першапачаткова размова сам-насам была прымеркавана да Дня яднання двух народаў. Як заявіў Аляксандр Лукашэнка, усе інтэграцыйныя праблемы і нявырашаныя пытанні ў эканоміцы гаснуць на фоне пагроз бяспекі. Менавіта абарона саюзнай айчыны становіцца галоўнай задачай улады як у Расіі, так і ў Беларусі. Беларускі лідар выказаў глыбокія спачуванні свайму калегу, родным і блізкім загінуўшых, усім пецярбуржцам.

Да гэтай падзеі мы яшчэ вернемся. Зараз на сувязь са студыяй з Санкт-Пецярбурга выходзіць наш карэспандэнт Андрэй Крывашэеў.

Жудасная трагедыя ў піцерскай падземцы сапраўды ўнесла кардынальныя карэктывы ў сустрэчу саюзнікаў. Першыя паведамленні аб выбуху заспелі прэзідэнтаў па дарозе сюды, у Палац кангрэсаў у Стрэльні. Уладзімір Пуцін спяшаўся на сустрэчу і быў нават вымушаны скараціць дыскусію на медыяфоруме АНФ.

Сустрэча Прэзідэнтаў пачалася з паўгадзінным спазненнем. Мабыць, менавіта ў гэтыя паўгадзіны расійскаму лідару паведамлялі акалічнасці выбуху. У гэтыя ж хвіліны адбыўся даклад дырэктара ФСБ Уладзіміру Пуціну. Пра сітуацыю ў Паўночнай сталіцы быў падрабязна інфармаваны і Прэзідэнт Беларусі. Ужо падчас пратакольнага поціску рукі Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні свайму калегу і ўсім расіянам.

У хвіліны, калі ішлі пратакольныя здымкі сустрэчы, інфармацыя аб загінуўшых і пацярпелых працягвала абнаўляцца. Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што яшчэ ўчора ў нас было свята. Мы адзначалі Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Але ўжо сёння фон для сустрэчы зусім не святочны, а жалобны. Так выйшла, што першыя публічныя распараджэнні гарадскім і федэральным уладам Уладзімір Пуцін аддаваў менавіта ў дыялогу з галоўным саюзнікам. Менавіта таму за гэтымі словамі і за гэтай сустрэчай без перабольшання сачыў увесь свет.

Са слоў спачування і падтрымкі пачаў Аляксандр Лукашэнка. Для лідара, як і для большасці беларусаў, Паўночная сталіца - асаблівы, родны горад. Ён звязаны з нашай рэспублікай гістарычна, культурна, сямейнай сувяззю. А ў эканоміцы і грамадскіх кантактах нават больш цесна за шматлікія суседнія рэгіёны. Аляксандр Лукашэнка сказаў галоўнае: у хвіліны трагедыі мы асабліва патрэбныя адзін аднаму, спакойна нам жыць ніхто не дасць, а цэнтральная задача ўлады сёння, як і галоўная тэма перамоў, - засцерагчы людзей і нашу саюзную айчыну.

Гутарка сам-насам двух лідараў без камер працягвалася ўтрая больш за пратакол - звыш 3 гадзін. Увесь гэты час мы і нашы калегі маніторылі паведамленні аб трагедыі, глядзелі кадры прамых трансляцый з месца выбуху. Наша другая здымачная група экстранна выехала да месца трагедыі. Было бачна, як напружана служба бяспекі тут, у Палацы кангрэсаў. Тэракт, а менавіта так кваліфікавала яго Генпракуратура Расіі, для большага рэзанансу відавочна рыхтаваўся пад візіт Уладзіміра Пуціна на радзіму. І менавіта з тэмы тэракта лідары пачалі выніковую размову з прэсай.