Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмеркавалі перспектывы Саюзнай дзяржавы

8 декабря 2019
У канцы XVI стагоддзя брытанская каралева Лізавета ў запале гарачай спрэчкі заявіла: "Дзяржава - гэта я". Фраза атрымалася такой яркай, што пазней гісторыкі сталі прыпісваць яе і французскім каралям, і германскім імператарам, і вялікім палкаводцам мінулага. Калі адкінуць увесь негатыў ад пафасу і асабістых амбіцый і капнуць глыбей, атрымаецца, што формула не такая ўжо благая. Пры двух важных але: пад дзяржавай мы разумеем справядлівую і суверэнную сістэму,  а пад я - асабістае жаданне кожнага грамадзяніна без аглядкі на прыбыткі, статус і рэгаліі зрабіць сваю дзяржаву мацнейшай і лепшай. 

Гістарычную фразу, якая стала палітычным мемам, мы ўспомнілі невыпадкова. Другі раз у суверэннай гісторыі і першы раз у Палацы Незалежнасці ў чацвер прайшла сустрэча Прэзідэнта з парламентарыямі двух скліканняў - абраных і тых, што завяршаюць кадэнцыю. Менавіта тут прагучала ад лідара: вы, абраныя воляй народа, яго прадстаўнікі, і ёсць эліта, чытай, дзяржава. Вам выпала місія і поспех упершыню будаваць яе на свой, а не іншародны ўзор. 

Тады ўжо возьмем на сябе адвагу паправіць брытанскую каралеву і з прыцэлам на наш час, асяроддзе і кароткую гісторыю рэальнага суверэнітэту сказаць: "Беларуская дзяржава - гэта мы: Прэзідэнт, парламент, актыўная грамадзянская супольнасць, улада судовая і выканаўчая..." Гэта наша эканоміка і праекты развіцця - усё тое, што рэальна, а не па азбуцы складае сутнасць нашага рэальнага суверэнітэту.  І гэтым можна і трэба ганарыцца. Кіраўнік дзяржавы агаліў менавіта гэты нерв палітычнага моманту на сустрэчы з сенатарамі і дэпутатамі цяперашняга і мінулага складаў, сказаўшы: "Гэта наша краіна. Мы суверэнныя і незалежныя. Гэтым трэба ганарыцца".

На такім палітычным фоне і прайшла сустрэча, якую доўга і з цікавасцю чакалі. Месцам знакавых і такіх рэзанансных перамоў стала Чарнаморскае ўзбярэжжа. Менавіта тут гаварылі пра паглыбленне інтэграцыі. У Сочы Аляксандр Лукашэнка спыняецца ў санаторыі "Беларусь" - дык вось, яго "дом" стаіць якраз побач з  рэзідэнцыяй расійскага лідара "Бачароў Ручай". І тут атрымліваецца - суседзі, не чужыя людзі! За апошнія дваццаць гадоў зроблена нямала, каб і грамадзяне нашых краін пачуваліся як мага бліжэйшыми, а не чужымі. Ёсць і рэальныя дасягненні інтэграцыі: сёння беларусы ў Расіі, а расіяне ў Беларусі маюць роўныя правы на працаўладкаванне, месца жыхарства, занятак бізнесам, атрыманне адукацыі і меддапамогі. 

Яшчэ каардынацыя дзеянняў у сферы знешняй палітыкі і ваеннае супрацоўніцтва - за намі бяспека на заходніх межах саюза. Але рухацца далей трэба толькі ва ўвязцы з рашэннем найболей вострых пытанняў двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва. Гэта выразная пазіцыя Мінска. Наш аглядальнік Наталля Брэвус упэўненая: гэтыя перамовы важныя не толькі тым, што выдаў пратакол, але і дэталямі, якія былі па-за афіцыёзам. 

Адразу хочам нагадаць, што прэзідэнты сустракаюцца рэгулярна - і падчас двухбаковых сустрэч, і на пляцоўках розных самітаў. Так што дэфіцыту ў зносінах сапраўды не ведаюць! І заўсёды іх перамовы - гэта маса інфармацыйных падстаў для нас, журналістаў. Але да гэтай сустрэчы ў Сочы была прыкавана асаблівая ўвага. Зразумела: юбілейная дата інтэграцыі. У гэтым сэнсе апошні год для Беларусі і Расіі стаў годам паскарэння. Калі шчыра, яшчэ на старце было відавочна, што гэта рабочыя перамовы. Вядома, у кагосьці, можа быць, і была спакуса падпісаць праграму дзеянняў, заявіць пра новы этап інтэграцыі, але сутнасць важнейшая за прыгожыя сэнсы. Нават па стосах дакументаў на сталах у перагаворнай зале было зразумела: да кампрамісу ў пытаннях у інтэграцыйных дарожных картах яшчэ крочыць і крочыць. 

Хоць апошнія паўгода і асабліва ў апошнія дні праца ўрадаў Беларусі і Расіі ў гэтым кірунку кіпела. Збліжалі пазіцыі. Мінімальная публічнасць перагаворнага працэсу выклікала шквал здагадак. Ну, не ведаю, ці бачыць асаблівы знак у тым, што адразу пасля пратаколу ў зале згасла святло: выходзячы, хтосьці з прэсы закрануў выключальнік. Дзякуй беларускаму Прэзідэнту - жартам згладзіў журналісцкую неспадзяванку. Але пазіцыя Беларусі ўжо сапраўды не пакрытая таямніцай. Мінск увязвае далейшыя крокі інтэграцыі не з абстрактнымі планамі - маўляў, там на гарызонце маячыць агульны рынак энергарэсурсаў, а для пачатку з цалкам рэальнымі пытаннямі эканамічнага парадку дня 2020: цана на газ, кампенсаванне падатковага манеўру - такі фінт, ад якога наша нафтавая галіна церпіць мільённыя страты, наўрад ці назавеш саюзніцкім. Бан на пастаўкі тавараў, якія, як па ўзмаху чароўнай палачкі, мінімізавалі перад перамовамі - і на тым дзякуй. Калі вось гэта ўсё не вырашаць, як жа далей плячо ў плячо ісці шляхам інтэграцыі?

Перамовы доўжыліся больш за пяць гадзін, і журналісты, нашы расійскія калегі, у сацсетках дзяліліся цяжкасцямі чакання. Маўляў, беларуская дэлегацыя такая вялікая, што прыходзіцца сядзець у калідоры. Гэта прытым што беларускі пул разоў у пяць меншы за расійскі. Тут калегі хітруюць: проста заставацца ў прэс-цэнтры было нязручна. Рызыка пазбавіцца інфармацыі. Усе, хто выходзіў з зоны перамоў, адразу траплялі ў шчыльнае кальцо рэпарцёраў. 

Калі перамовы зацягнуліся, то крамлёўскі пул жартаваў: рыхтуемся да "нармандскага фармату". Хоць справа не толькі ў тым, што ішло напружанае абмеркаванне двухбаковага парадку дня. Па мітусні афіцыянтаў стала зразумела, што час на абед таксама знайшоўся, тым больш што юбілейная дата - падстава падняць куфлі. У меню - барабулька, карэ цяляці і клубнічны торт. 

Падрабязнасці меню інтэграцыі, вядома, палепшылі час чакання. Але ежу для разважанняў чакалі па выніках перамоў. Кіраўнік Мінэканамразвіцця - кіраўнік расійскай часткі рабочай групы Арэшкін - адказаў агульнымі словамі пра збліжэнне пазіцыі і тое, што прэзідэнты нагрузілі задачамі. Беларускіх міністраў мы не тузалі, разумеючы, што яны засяроджаныя на перагаворных момантах. Пасля наш пасол у Расіі Уладзімір Сямашка распавёў падрабязнасці. 

Раней не раз Аляксандр Лукашэнка выразна даваў зразумець: у шкоду нацыянальным інтарэсам ніхто ніякія дакументы падпісваць не збіраецца. А ўжо тым больш здаваць суверэнітэт - ім Беларусь не гандлюе!  Ніхто не возьмецца сказаць, ці атрымаецца вырашыць усе складаныя пытанні беларуска-расійскага парадку дня да Новага года, але тое, што лідары плануюць яшчэ раз сустрэцца ў Пецярбургу да бою курантаў, ужо прагучала. Прыйдзецца двойчы думаць над падарункамі, бо прэзентамі кіраўнікі дзяржаў паспелі абмяняцца ў Сочы. Журналісты, ведаючы характар нашага Прэзідэнта, не сумняваюцца, што яшчэ да гэтага моманту - да 20 снежня - Аляксандр Лукашэнка дасць ведаць пра тое, што думае, і абавязкова выкажацца на тэму сочынскіх перамоў.