Перамовы пройдуць у Палацы Незалежнасці, куды мы перамяшчаемся зараз. Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін сустрэнуцца ў вузкім і пашыраным складах. Па выніках перамоў мяркуецца падпісаць шэраг міжнародных дакументаў. Зараз на прамую сувязь са студыяй выходзіць наш палітычны аглядальнік Андрэй Крывашэеў. У яго апошняя інфармацыя.
Мы знаходзімся ля Палаца Незалежнасці. Менавіта тут сёння пройдуць ключавыя сустрэчы на вышэйшым узроўні ў рамках візіту Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна ў Беларусь. Прыезд высокага госця сюды мы чакаем менш як праз паўтары гадзіны. Але ўжо на гэту хвіліну Палац Незалежнасці цалкам гатовы да візіту. Дарэчы, аналітыкі ўжо завуць яго гістарычным. І адразу з некалькіх прычын.
Па-першае, працягласцю - 3 дні перамоў, сустрэч, бізнес-форумаў, афіцыйных, дзелавых і нефармальных кантактаў.
Па-другое, сумай заяўленых напярэдадні і гатовых да падпісання пагадненняў, мемарандумаў і кантрактаў. Толькі ў сферы эканомікі іх 30, на агульную суму каля шаснаццаці мільярдаў долараў.
Нарэшце, па-трэцяе, гістарычным візіт робіць той факт, што ён, па сутнасці, вянчае два дзесяцігоддзі карпатлівай працы па развіцці адносін Беларусі і Кітая. З першага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў КНР у далёкім 1995 і да сённяшняга дня нашы адносіны прайшлі шлях ад простага тавараабароту да стратэгічнага і ўсебаковага супрацоўніцтва. Такой дынамікай можа ганарыцца рэдкая краіна ў Еўропе і свеце.
Такім чынам, да сённяшняй павесткі. У Палацы Незалежнасці на гэты дзень запланаваныя два раўнды афіцыйных перамоў Прэзідэнта Беларусі і Старшыні КНР. Спачатку ў шырокім, а потым і ў вузкім складзе. Затым адбудзецца цырымонія падпісання двухбаковых пагадненняў. Найважнейшым завуць сумесную дэкларацыю лідараў аб далейшым паглыбленні ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Яна выведзе адносіны на якасна новы ўзровень.
Пасля гэтага запланавана гутарка лідараў з прэсай. І паверце, гэтых слоў і мы, і нашы калегі журналісты плюс бізнес, эканамісты і аналітыкі чакаюць з асаблівым нецярпеннем. Бо ад іх залежыць эканамічная канфігурацыя ўсяго Еўразійскага кантынента і нават нашых будучых адносін з Еўрасаюзам.
Тут мы б вылучылі тры ключавыя акцэнты:
Першы - афіцыйнае ўключэнне Беларусі ў глабальны праект "Новы Шаўковы шлях", дзе Беларусь - ключавая пляцоўка ў сэрцы Еўропы.
Другі - найбуйнейшы ў Еўропе беларуска-кітайскі індустрыяльны парк "Вялікі камень". Чакаецца, што ў рамках візіту ў праекта з'явіцца 15 першых рэзідэнтаў. Гэта найбуйнейшыя кампаніі з агульным капіталам на два мільярды долараў. Усяго ж у перспектыве парк можа павялічыць беларускі экспарт на пяцьдзясят мільярдаў, а гэта фактычна падваенне цяперашніх паказчыкаў.
І трэці - новыя магчымасці. Кітайскія партнёры завуць у прыярытэтах харчовую прамысловасць, дрэваапрацоўку, фармацэўтыку і новыя матэрыялы.
Акрамя таго, Кітай гатовы падтрымаць павышэнне нашага статусу ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. А Банк развіцця Кітая разглядае магчымасць адкрыцця свайго офіса ў Мінску.
Словам, гістарычны характар цяперашняга маштабнага трохдзённага візіту лідара КНР у Беларусь, які пачынаецца сёння, - гэта зусім не перабольшанне. А факт у эканоміцы, палітыцы, сацыяльнай і гуманітарнай сферах.
Чакаем пачатку афіцыйных перамоў. Самая свежая інфармацыя ў нашых наступных выпусках.
Мы разам з вамі чакаем пачатку сустрэч. А ўжо заўтра абодва лідары разам з дзелавымі коламі Беларусі і Кітая прымуць удзел у працы Беларуска-кітайскага міжрэгіянальнага бізнес-форуму. Акрамя таго, у праграме наведванне музея Вялікай Айчыннай вайны і месца грандыёзнай будоўлі беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка.













