Аляксандр Лукашэнка і Сяргей Лаўроў абмеркавалі будучыню беларуска-расійскіх адносін

16 мая 2016

Беларуска-расійскія адносіны, інтэграцыя на постсавецкай прасторы і міжнароднае становішча. Менавіта гэтыя тэмы сталі галоўнымі на перамовах Прэзідэнта Беларусі і міністра замежных спраў Расіі.

Аляксандр Лукашэнка і Сяргей Лаўроў абмеркавалі і канкрэтызавалі пытанні ўзаемадзеяння дзвюх краін. Асаблівая ўвага інтэграцыйнай тэматыцы. Былі разгледжаныя вынікі першага года працы Еўразійскага эканамічнага саюза. Менавіта наша краіна была старшынёй у ЕАЭС у 2015. За год былі дасягнутыя сур'ёзныя вынікі ў развіцці інтэграцыі. Разам з тым яшчэ застаюцца некаторыя пытанні, над рашэннем якіх праца працягваецца. Прэзідэнт Беларусі і кіраўнік МЗС Расіі таксама абмеркавалі магчымасць пашырэння супрацоўніцтва паміж ЕАЭС і ЕС. Акрамя таго, на сустрэчы было закранута пытанне мадэрнізацыі СНД і ператварэння Садружнасці ў больш моцную і дзейсную арганізацыю. Гаворачы пра беларуска-расійскія адносіны, Аляксандр Лукашэнка сёння ўспомніў сваю нядаўнюю сустрэчу з прэм'ер-міністрам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым у Магілёўскай вобласці.

Сяргей Лаўроў, міністр замежных спраў Расіі: "Мы сапраўды цалкам падзяляем вось канцэпцыю нашых адносін, якую вы зараз выказалі. Што пытанні ўзнікаюць паміж любымі дзяржавамі, паміж саюзнікамі, але адрозненне нашых адносін у тым, што гэтыя пытанні мы дакладна ставім перад нашымі таварышамі, перад нашымі партнёрамі. І заўсёды разумеем адзін аднаго. Хоць часам рашэнні шукаюцца не за адзін дзень, так скажам. Сёлета ў нас вельмі насычаны парадак дня. У нас, як гаворыцца, усе рукі занятыя тым, што выконваць трэба даручэнні прэзідэнтаў. Тым больш што міжнароднае становішча патрабуе цеснай каардынацыі".

Аляксандр Лукашэнка і Сяргей Лаўроў таксама падрабязна абмеркавалі графік наступных кантактаў на вышэйшым узроўні. Прэзідэнты дзвюх дзяржаў змогуць сустрэцца ў фармаце ЕАЭС у Астане, на Трэцім форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Мінску, а таксама на саміце кіраўнікоў дзяржаў СНД.