Аляксандр Лукашэнка і Леанід Кучма абмеркавалі эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Украіны

5 Чэрвеня 2019

Беларуская сталіца па-ранейшаму мае каласальнае значэнне для Кіева ў пытанні ўрэгулявання сітуацыі ў Данбасе.  Альтэрнатыўныя Мінску пляцоўкі не разглядаюцца. 

У гэтым Аляксандра Лукашэнку запэўніў прадстаўнік Украіны  ў трохбаковай кантактнай групе.  Інтарэсы сваёй краіны на мірных перамовах зноў адстойвае Леанід Кучма. Восенню мінулага года ён, нагадаем, адмовіўся ад гэтых функцый.

На днях новы Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі папрасіў экс-прадстаўніка зноў уключыцца ў працу кантактнай групы.  Палітык пагадзіўся. У беларускую сталіцу Леанід Кучма прыехаў з новымі прапановамі, якія дапамогуць у мінскім працэсе. 

Вырашэнне крызісу ў Данбасе стала адной з тэм сустрэчы з беларускім Прэзідэнтам. Бакі абмеркавалі таксама эканамічнае супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.  Украінскі рынак для нашай краіны адзін з асноўных. Тавараабарот паміж дзяржавамі па выніках мінулага года дабавіў амаль 20%. Задача на гэты год яшчэ больш амбіцыйная - лічбу давесці да 8 мільярдаў долараў. 

Беларусі і Украіне ўдалося не проста наладзіць, але і захоўваць усе гэтыя гады даверныя адносіны.  Наша краіна па-суседску падставіла плячо дзясяткам тысяч украінскіх бежанцаў, прыкладае максімум намагнняў для захавання міру ў рэгіёне. Сёння сустрэча пацвердзіла - дыялог паміж афіцыйнымі Мінскам і Кіевам застанецца шчырым і на карысць нацыянальным інтарэсам дзвюх краін.