Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў заявілі аб пераходзе адносін Беларусі і Азербайджана на якасна новы ўзровень

19 ноября 2018

Па выніках перамоў сёння ў Мінску лідары прынялі сумесную заяву. У дакуменце гаворыцца, што далейшае ўмацаванне сяброўскіх адносін і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж краінамі адпавядае карэнным інтарэсам абодвух народаў. Бакі будуць усяляк спрыяць захаванню духоўнай і культурнай блізкасці грамадзян дзвюх краін, паглыбляць узаемадзеянне ў навуковай, адукацыйнай і культурнай галінах, у сферах высокіх тэхналогій, аховы здароўя, турызму.

У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў таксама падпісаны міжнародныя дакументы. Яны датычацца развіцця партнёрства ў галіне міграцыі, судова-экспертнай дзейнасці, узаемадзеяння паміж генпракуратурамі дзвюх краін і профільнымі міністэрствамі. Адбылася таксама цырымонія гашэння сумеснага паштовага праекта Беларусі і Азербайджана, прымеркаванага да 25-годдзя наладжвання дыпламатычных адносін.