Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон афіцыйна адкрылі зборачную вытворчасць беларускай сельгастэхнікі ў Таджыкістане

16 мая 2018

Зборачная вытворчасць беларускай сельгастэхнікі афіцыйна адкрылася сёння ў горадзе Гісар. Гэта прадпрыемства ўрад Таджыкістана ўключыў у пералік асабліва важных аб'ектаў. Сельгастэхніка сёння тут вельмі запатрабаваная, недахоп толькі па трактарах каля 10 тысяч. Як раз на абнаўленне парку скіравана новая вытворчасць. З нагоды яе афіцыйнага запуску прэзідэнты Беларусі і Таджыкістана адкрылі памятны знак на тэрыторыі прадпрыемства. Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон азнаёміліся з вытворчасцю і пагутарылі з работнікамі. Ім распавялі аб планах па лакалізацыі зборкі ў Гісары. Прэзідэнт Беларусі падтрымаў ідэю, каб частка вузлоў для тэхнікі выраблялася непасрэдна ў Таджыкістане.

Падчас наведвання прадпрыемства Прэзідэнту Беларусі распавялі, што на зборачнай вытворчасці ў Гісары плануюць стварыць цэнтр па падрыхтоўцы персаналу. Таксама партнёры з Таджыкістана зацікаўлены ў адукацыйных праграмах Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і павышэнні кваліфікацыі сваіх спецыялістаў на канвеерах нашых прадпрыемстваў.

Зараз на гэтай вытворчасці ў Гісары збіраюць трактары "Беларус". Вядуцца перамовы аб продажах іх і на рынкі трэціх краін, напрыклад, у Афганістан. Сёлета гатовыя наладзіць зборку прычапной і навясной тэхнікі, у тым ліку для камунальных службаў, а таксама самаходных касілак. У перспектыве мадэльны рад будуць пашыраць.

Ужо пасля Эмамалі Рахмон запрасіў беларускага лідара ў госці ў свае загарадныя рэзідэнцыі "Варзоб" і "Такоб", размешчаныя ў маляўнічых горных месцах недалёка ад Душанбэ. Аляксандр Лукашэнка агледзеў прыродныя славутасці, пасля чаго абодва прэзідэнты накіраваліся ў аэрапорт. Кіраўнік Таджыкістана асабіста праводзіў беларускага калегу. Перад адлётам палітыкі каротка падвялі вынікі афіцыйнага візіту, ён быў насычаным.

Нагадаем, напярэдадні прэзідэнты правялі маштабныя перамовы, а прадстаўнікі дзелавых колаў дзвюх краін падпісалі шэраг кантрактаў на бізнес-форуме. У аўторак у Душанбэ стартавала і нацыянальная выстава Беларусі, якую было вырашана прадоўжыць на тыдзень з-за вялікай цікавасці з боку бізнесменаў шэрагу дзяржаў рэгіёна.