Аляксандр Лукашэнка і экс-прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка абмеркавалі двухбаковыя адносіны

8 октября 2018

Сёння Кіраўнік дзяржавы і экс-прэзідэнт Украіны абмеркавалі двухбаковыя адносіны. Размова была вельмі адкрытай і шчырай, і пачалася ў зімовым садзе Палаца Незалежнасці з невялікай экскурсіі. Менавіта тут беларускі лідар часта размаўляе з высокімі гасцямі сам-насам. Пасля ў рабочым кабінеце Аляксандр Лукашэнка і Віктар Юшчанка частку размовы прысвяцілі рэвізіі адносін, якія склаліся паміж краінамі за час прэзідэнцтва палітыка з 2005 па 2010. Беларускі лідар падкрэсліў, што ў той час пры ўсіх адрозненнях краіны заўсёды знаходзілі кансэнсус. Аднак змяняецца час, рангі, акалічнасці. Украіна дэ-юрэ не парвала з СНД, аднак не ўдзельнічае ў інтэграцыі. Нагадаем, на нядаўні саміт у Душанбэ краіна не прыслала свайго прадстаўніка. Адным з прыярытэтных пытанняў застаецца вырашэнне сітуацыі на ўсходзе краіны. Аб тым, як гэтыя падзеі ў тым ліку паўплывалі на Беларусь, Аляксандр Лукашэнка адкрыта распавёў Віктару Юшчанку. У той жа час Кіраўнік беларускай дзяржавы канстатаваў, што, нягледзячы на ўсе падзеі, паміж нашымі народамі няма азлобленасці і сутыкнення меркаванняў.

Віктар Юшчанка, дзяржаўны і палітычны дзеяч, трэці прэзідэнт Украіны (2005-2010 гг.): "Мы заўсёды знаходзілі неабходнае ўзаемаразуменне ў самых складаных пытаннях. Зараз тое, што адбываецца не толькі ва Украіне, я згодны, гэта вялікае выпрабаванне, гэта вялікая праблема для ўладкавання і нашага жыцця як нацыі, краіны, і суседзяў, і Еўропы. Ва Украіне людзі сталі больш кансалідаваныя, чым, напрыклад, 5-10 гадоў таму. Мы працягнулі адзін аднаму руку больш, чым калі-небудзь, больш стала адзінства. Пытанне акупіраваных тэрыторый - гэта складанае пытанне. Відавочна, размова ідзе пра доўгатэрміновы працэс".

Віктар Юшчанка адзначыў, што ў яго разуменні двухбаковыя адносіны з Беларуссю заўсёды былі ідэальнымі і на палітычным узроўні, і на народным. А на маючых адбыцца ва Украіне прэзідэнцкіх выбарах палітык прагназуе самую вялікую колькасць кандыдатаў у гісторыі краіны. Падрабязнасці размовы ў Палацы Незалежнасці - у нашых наступных выпусках.