Аляксандр Лукашэнка і Армен Саркісян адзначылі: сяброўства паміж рэспублікамі моцнае

2 июля 2019

Узаемадзеянне Беларусі і Арменіі ў рамках ЕАЭС і двухбаковыя адносіны паміж Мінскам і Ерэванам абмеркавалі па тэлефоне Аляксандр Лукашэнка і Нікол Пашынян

Прэм'ер-міністр закаўказскай рэспублікі павіншаваў нашага Прэзідэнта з паспяховым правядзеннем II Еўрапейскіх гульняў, а таксама з будучым Днём Незалежнасці. Дарэчы, больш дэталёва пытанні эканамічнай інтэграцыі  лідары абмяркуюць у пашыраным складзе 1 кастрычніка  ў Ерэване  на саміце ЕАЭС.

Аб тым, што Беларусь і Арменія  гавораць на роўных і без закрытых тэм,  абмеркавалі сёння і ў Палацы Незалежнасці. У фармаце сам-насам  Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт усходняй рэспублікі  Армен Саркісян  яшчэ раз адзначылі: сяброўства паміж рэспублікамі моцнае. А гэта добры плацдарм для эканамічнага росту.

Тавараабарот у пары Мінск - Ерэван за 2018 год наблізіўся да адзнакі  50 мільёнаў долараў. Не так ужо і шмат, але толькі за папярэднія 6 месяцаў  падскочыў на траціну. Мы прадаём у Арменію  шыны, масла, малако, тэхніку, а ў далейшым наладзім і экспарт лічбавых паслуг. 

Наведаць ПВТ і пазнаёміцца з праектамі рэзідэнтаў - адна з просьбаў Армена Саркісяна. У размове з Кіраўніком дзяржавы ён падзяліўся ўражаннямі.

Абмеркавалі палітыкі і  II Еўрапейскія гульні, што адгрымелі. Дарэчы, прэзідэнт Арменіі таксама прысутнічаў на цырымоніі закрыцця. Армянская дружына  паказала годны вынік - 11 месца і 11 медалёў у скарбонцы. Ужо па-за афіцыйнымі перамовамі  прэзідэнты абмяняліся падарункамі. Аляксандр Лукашэнка прэзентаваў  эксклюзіўны набор шакаладу - фігурку сімвала Гульняў Лесіка -  і знакамітыя беларускія прадукты. А вось Армен Саркісян уручыў беларускаму лідару папірус з малітвай і павіншаваў нашу краіну з Днём Незалежнасці. Для кіраўніка Арменіі  гэта яшчэ і сямейнае свята - дата супадае з нараджэннем унука, якому ён і падорыць беларускага Лесіка.