Аляксандр Лукашэнка: Адзіны шлях урэгулявання любых міжнародных спрэчак - дыялог

24 мая 2018

Найважнейшыя пытанні міжнароднай бяспекі сёння прадоўжылі абмяркоўваць у Мінску. У канферэнцыі "Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх" прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі.

Мерапрыемства павінна пакласці пачатак штогадоваму адкрытаму і маштабнаму дыялогу паміж вядучымі экспертамі з Усходняй Еўропы, Еўрасаюза, Расіі, ЗША і Кітая. Мінск дае якасна новую пляцоўку для дыскусій аб сучаснасці і будучыні рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі. Не выпадкова форум праходзіць у беларускай сталіцы. Дзякуючы шматвектарнай знешняй палітыцы нашай краіны, павазе да замежных партнёраў расце значнасць Мінска як зручнай пляцоўкі для любых перамоў. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў: сучасныя міжнародныя адносіны хутчэй нагадваюць сітуацыю перад Першай сусветнай вайной. Але Еўропа можа і павінна паказаць прыклад у вырашэнні пытанняў паміж Усходам і Захадам.

Падчас маштабнай дыскусіі гучала мноства меркаванняў, што датычацца розных сусветных канфліктаў і магчымасці іх вырашэння. За час баявых дзеянняў ва Украіне Беларусь прыняла ў сябе больш як 150 тысяч бежанцаў, аказаўшы ім дапамогу ў працаўладкаванні, медабслугоўванні, сацыяльнай і псіхалагічнай адаптацыі. Аляксандр Лукашэнка перакананы: адзіны шлях урэгулявання любых міжнародных спрэчак - адмовіцца ад эмоцый, крыўдаў, узаемных абвінавачанняў і вярнуцца да дыялогу.

У форуме прынялі ўдзел сотні экспертаў і афіцыйных асоб з 50-ці краін. У кулуарах здымачная група Агенцтва тэленавін пагутарыла са шматлікімі палітыкамі, у тым ліку і з Генеральным сакратаром АБСЕ Томасам Грэмінгерам.

Томас Грэмінгер, Генеральны сакратар АБСЕ:

"Я думаю, што такія краіны, як Беларусь, вельмі важныя для таго, каб наводзіць масты паміж дзяржавамі. У цяперашняй даволі напружанай сітуацыі нам патрэбныя менавіта такія дзяржавы, гатовыя ўзяць на сябе гэтую ролю. Сабраць усіх за адным сталом і сказаць: давайце размаўляць. І ў такім фармаце, як сёння, гэта вельмі важна".

Крысцін Мутанен, экс-старшыня па АБСЕ: "Беларусь сёння наводзіць мост паміж Усходам і Захадам. І я такую пазіцыю магу толькі падтрымаць. Гэта важна - сабраць людзей разам і даць ім магчымасць пагаварыць, зрабіць вось гэты першы крок насустрач міру. Бо форум сабраў вельмі шмат цікавых спецыялістаў".

Эркі Туаміая, дэпутат парламента Фінляндыі, Міністр замежных спраў Фінляндыі (2011- 2015 гг.): "Дыялог - гэта тое, што нам заўсёды неабходна. Павінны быць пачутыя галасы ўсіх: Расіі, ЗША і ўсёй Еўропы. "Хельсінкі-1" - важны дакумент, але прыйшоў іншы час, ён патрабуе паляпшэння. Для гэтага мы павінны распрацаваць канкрэтныя пункты. Прычым тыя, якія не заменяць, а дапоўняць наяўныя пагадненні".