Аляксандр Лукашэнка задаволены, як змяняецца аблічча Магілёўшчыны

6 июня 2020
Сёння з рабочай паездкай Прэзідэнт наведаў паўднёвы ўсход краіны. У цэнтры ўвагі пытанні развіцця і добраўпарадкавання рэгіёна ў цэлым і абласнога цэнтра ў прыватнасці.


Прэзідэнт з рабочай паездкай у Магілёве 


Важна, каб горад быў не проста прыгожым, але і камфортным. Напрыклад, у парку "Падміколле", дзе Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклады, плануюць стварыць сапраўдны турыстычны комплекс з атракцыёнамі, пляжам і дзіцячымі пляцоўкамі. Неўзабаве ў горадзе таксама з'явяцца новыя кардыяхірургічны корпус, паліклінікі і фізкультурна-аздараўляльныя комплексы з басейнамі. Працягне абнаўляцца дарожная інфраструктура рэгіёна. На гэтыя мэты, лічыць Прэзідэнт, можна накіраваць сродкі, сэканомленыя пры рэканструкцыі іншых дарог па краіне. У цэлым за апошнія чатыры гады горад прыкметна змяніўся ў лепшы бок. Капітальна адрамантавалі некаторыя шашы і масты, змяніліся Палац культуры вобласці, школы, радзільны дом. Шмат увагі надалі развіццю спартыўных пляцовак. Вынікамі працы на Магілёўшчыне Кіраўнік дзяржавы застаўся задаволены, аднак, нагадаў, добраўпарадкаванне - працэс бесперапынны. Таму Прэзідэнт даў шэраг дадатковых даручэнняў па далейшым развіцці рэгіёна. Асаблівы акцэнт на прамысловай сферы горада, тут трэба будзе правесці рэвізію.


На тэрыторыі парку "Падміколле" знаходзіцца Свята-Мікольскі жаночы манастыр

І сёння, у  бацькоўскую суботу, Аляксандр Лукашэнка, вядома, наведаў гэты храм. Прэзідэнту распавялі пра манастыр, яго развіццё і паказалі 4-ярусны іканастас. Гэта сапраўдны твор мастацтва, выкананы магілёўскімі майстрамі XVII стагоддзя. Зараз ён цалкам адноўлены і адрэстаўраваны ў першапачатковым выглядзе. Па добрай традыцыі Аляксандр Лукашэнка запаліў свечку ў храме манастыра. 


Прэзідэнт пагаварыў з вернікамі 

На выхадзе з манастыра Кіраўніка дзяржавы чакалі вернікі і тыя, хто прыйшоў на сустрэчу, калі даведаўся пра візіт Прэзідэнта. Прама ля храма адбылася незапланаваная размова, якая атрымалася вельмі душэўнай. Аляксандр Лукашэнка падзяліўся асабістымі ўспамінамі аб горадзе (Прэзідэнт вучыўся ў Магілёве), распавёў аб добраўпарадкаванні абласнога цэнтра і далейшым яго развіцці, а таксама выказаўся на тэму эпідсітуацыі, адзначыўшы, што паступова ў Беларусі праблема каранавіруса адыходзіць.


Прэзідэнт сустрэўся з актывам вобласці 

У тым ліку аб пандэміі прадоўжылі гаварыць і на сустрэчы з актывам вобласці. Сярод іншых важных тэм  развіццё паўднёва-ўсходняга рэгіёна ў цэлым і Магілёўшчыны ў прыватнасці, прамысловасць і дабрабыт беларусаў. Падрабязнасці  ў 19:00.