Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Андрэя Жышкевіча старшынёй праўлення Банка развіцця

4 декабря 2018

Важнае кадравае рашэнне сёння прыняў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў прызначэнне Андрэя Жышкевіча старшынёй праўлення Банка развіцця. 

Месца заставалася вакантным пасля таго, як Сяргей Румас, які кіраваў гэтай фінансавай структурай, стаў кіраўніком урада. 45-гадовы Андрэй Жышкевіч - прафесіянал. Банкаўскую справу ведае дасканала. З 2002 года працаваў у Мінскім транзітным банку. З іх апошнія 13 гадоў на пасадзе кіраўніка. У свой час адзначаны як самы малады старшыня праўлення камерцыйнага банка ў Беларусі. Кандыдатур на разглядзе ў Прэзідэнта было шмат, але менавіта Жышкевіча рэкамендавалі аўтарытэтныя фінансісты.

Банкір уваходзіць і ў Савет па развіцці прадпрымальніцтва пры Прэзідэнце. Гэта пастаянна дзеючы кансультатыўны орган, які выпрацоўвае рэкамендацыі па развіцці і падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу. Менавіта гэты кірунак - куратарства прадпрымальніцкіх праектаў, а таксама пытанні падтрымкі экспарту, на думку Кіраўніка дзяржавы, павінны заставацца прыярытэтнымі для банка.

Банк развіцця, якім зараз будзе кіраваць Андрэй Жышкевіч, створаны менавіта з мэтай падтрымкі беларускага экспарту, развіцця сярэдняга і малога прадпрымальніцтва. Гэтая структура фінансуе і значныя для эканомікі дзяржпраграмы і інвестпраекты, напрыклад, у дрэваапрацоўцы. З 2015 года, калі ў Беларусі было прынята рашэнне аб дзяржпадтрымцы сем'яў падчас нараджэння трэцяга і наступных дзяцей адначасовай безнаяўнай выплатай, у Банка развіцця з'явілася і яшчэ адна важная задача - эфектыўнае кіраванне сродкамі сямейнага капіталу. Займаюцца і сацыяльнымі праектамі, якія датычацца камфорту і здароўя дзяцей.