Аляксандр Лукашэнка: Бяспека краіны - у адзінстве народа, моцнай унутранай і знешняй палітыцы

25 апреля 2018

Бяспека краіны - у адзінстве народа, моцнай унутранай і знешняй палітыцы дзяржавы. Гэта Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Кіраўнік дзяржавы традыцыйна абазначыў прыярытэты Беларусі на найбліжэйшы час і расставіў акцэнты на пытаннях, якія ўжо сёння патрабуюць вырашэння. Так, беларускі лідар адзначыў рост экспарту, нізкую інфляцыю, магчымасці для вядзення бізнесу ў краіне і пабудовы IT-краіны. Блокі выступлення датычыліся сацыяльнай палітыкі, нацыянальнай бяспекі.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння закладваецца аснова таго, якім будзе жыццё ў 2020 годзе. Ёсць усе перадумовы і ўмовы для выканання пяцігадовай праграмы не столькі па лічбах, колькі па сутнасці і яе эканамічным сэнсе. Галоўная мэта, падкрэсліў Прэзідэнт, застаецца нязменнай - пабудова дзяржавы для народа. Пры гэтым эканамічны арыенцір - ВУП не менш чым 100 мільярдаў долараў ужо да канца наступнай пяцігодкі. А камфортныя ўмовы для бізнесу павінны стаць нацыянальным брэндам.

Пасля выступлення Прэзідэнта з парламенцкай трыбуны дэпутаты змаглі задаць свае пытанні. Аляксандр Лукашэнка адказваў на іх больш чым гадзіну. Узняты тэмы арэнднага жылля, выдзялення зямельных участкаў, якасці дарог, адукацыі.