Аляксандр Лукашэнка: Беларуска-расійскія перамовы ў Сочы былі цяжкія, але выніковыя

22 сентября 2018

Беларуска-расійскія перамовы ў Сочы былі цяжкія, але выніковыя. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе ў Мінску.

Больш за 6-гадзінны дыялог кіраўнікоў дзяржаў уключыў у сябе самы шырокі спектр пытанняў. Улічваючы, што шматлікія тэмы падрабязна абмяркоўваліся менавіта кіраўнікамі дзяржаў у фармаце сам-насам, Прэзідэнт комплексна праінфармаваў удзельнікаў нарады аб выніках перамоў. Як заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка, асновай перамоў стала выкананне Расіяй і Беларуссю дамоўленасцяў і пагадненняў, дасягнутых раней. У гэтым заключаецца фундаментальная і прынцыповая пазіцыя беларускага боку. У прыватнасці, у Сочы дамовіліся на працягу тыдня выпрацаваць план узаемных паставак сельгаспрадукцыі. Таксама Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у Сочы глыбока абмеркавалі палітычнае ўзаемадзеянне, украінскую тэматыку і супрацоўніцтва ў рамках інтэграцый: ЕАЭС, СНД, АДКБ і Саюзнай дзяржавы. Лідары абавязкова прадоўжаць гэты дыялог і 12 кастрычніка ў Магілёве падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Таксама падчас сочынскіх перамоў быў закрануты і шырокі блок фінансавых пытанняў. Размова ішла аб рэфінансаванні аднаго мільярда долараў доўгу па лініі двухбаковага супрацоўніцтва. Пярэчанняў з расійскага боку не было па гэтым пытанні. Стала вядома, што Беларусь у найбліжэйшы час атрымае шосты транш крэдыту па лініі Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Яго сума складае 200 мільёнаў долараў. Сёмы транш - гэта ўжо справа актыўнасці перш за ўсё беларускага ўрада, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Беларусь і Расія выпрацавалі і два варыянты вырашэння пытанняў з ператаможкай і пастаўкай цёмных нафтапрадуктаў.

І як толькі што стала вядома, два прэзідэнты прадоўжылі шчыльныя зносіны і сёння. Адразу пасля завяршэння нарады ў Кіраўніка беларускай дзяржавы па ініцыятыве расійскага боку адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Кіраўнікі дзяржаў удакладнілі шэраг пытанняў, якія абмяркоўваліся, прынялі рашэнне і па галоўным пытанні, якое раней на нарадзе называў беларускі лідар. У прыватнасці, канчаткова вырашана пытанне аб выкананні дамоўленасцяў па паступленні ў бюджэт нашай краіны сродкаў ад мытных пошлін за сырую нафту і аб разліках Беларуссю за прыродны газ, які пастаўляецца кампаніяй "Газпрам".

Па выніках нарады ў Мінску стала зразумела, што ў Сочы гаварылі аб прадаўжэнні тэрміну вяртання крэдыту на будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі і зніжэнні працэнтнай стаўкі. Гэта звязана з парушэннем расійскім бокам тэрмінаў па ўзвядзенні АЭС.

Нагадаем, учора ў Сочы адбыліся беларуска-расійскія перамовы на вышэйшым узроўні з удзелам членаў урадаў.