Аляксандр Лукашэнка: Беларусі цікавы вопыт Савета Еўропы ў сферы мясцовага самакіравання

11 сентября 2018

Беларусі цікавы вопыт Савета Еўропы ў сферы мясцовага самакіравання. Гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Гудрун Маслер-Цёрнстром.

Таксама і наша гісторыя супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў можа быць карыснай для еўрапейскай супольнасці. У цэлым жа работа на мясцовым узроўні - сур'ёзны падмурак, на якім заснавана якасць жыцця многіх людзей. Менавіта таму развіццю лакальных сувязяў у Беларусі надаюць так шмат увагі. Па ўсім ланцужку (ад кадравай палітыкі да развіцця малых населеных пунктаў) жосткі кантроль на ўсіх узроўнях аж да прэзідэнцкага. Таксама гэтымі днямі ў Мінску пройдзе круглы стол з прадстаўнікамі кангрэса з Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Грэцыі, Румыніі. Удзельнікі разлічваюць не толькі абмяняцца вопытам развіцця мясцовага самакіравання, але таксама вывучыць беларускія напрацоўкі ў гэтай сферы.

Гудрун Маслер-Цёрнстром, старшыня Кангрэса мясцовых і рэгіянальны ўладаў Савета Еўропы: "Мы сапраўды вельмі рады быць тут, у Мінску, і мы верым, што наша мерапрыемства будзе паспяховым. І для нас гэта толькі пачатак прадуктыўнага супрацоўніцтва. Хацелася б адзначыць тое, наколькі адкрытыя нашы зносіны. А семінар, які мы тут арганізуем, будзе карысны і для кангрэса таксама, паколькі мы можам вучыцца ў вас, і мы сапраўды гатовыя вучыцца ў вас”. Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў - гэта орган пры Савеце Еўропы і своеасаблівы голас еўрапейскай глыбінкі ў Страсбургу. Менавіта там размешчаны сакратарыят, і менавіта ў парламенцкай сталіцы Еўропы двойчы на год збіраецца сесія кангрэса. У яго складзе 324 чалавекі. Гэта прадстаўнікі 200 тысяч муніцыпалітэтаў 47 краін Савета Еўропы.

Дарэчы, ужо 10 гадоў статус запрошанага назіральніка пры кангрэсе мае савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі. Яго ўзначальвае Міхаіл Мясніковіч. Сёння на сустрэчы з Гудрун Маслер-Цёрнстром старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што Беларусь зацікаўлена ў далейшай актывізацыі супрацоўніцтва з Еўропай.