Аляксандр Лукашэнка: Беларусі і Расіі трэба замацаваць станоўчыя тэндэнцыі

20 июня 2018

Беларусі і Расіі трэба замацаваць станоўчыя тэндэнцыі і забяспечыць рост гандлёвых адносін. У тым ліку, за кошт ухілення ўзаемных бар'ераў і стварэння роўнага канкурэнтнага асяроддзя. Гэта падкрэсліў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Залогам поспеху інтэграцыі, паводле слоў беларускага лідара, застаюцца міжрэгіянальныя сувязі. Беларусь супрацоўнічае з 80 суб'ектамі Расіі. На ўзроўні рэгіёнаў і муніцыпальных утварэнняў заключана тры сотні дагавораў аб супрацоўніцтве. Праводзяцца сумесныя форумы рэгіёнаў дзвюх краін. Чарговы пройдзе ў кастрычніку ў Магілёве, дзе і адбудзецца наступная сустрэча прэзідэнтаў. Таксама ў выступленні Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму памежнага кантролю на беларуска-расійскай мяжы.

Незадоўга да саміту лідары дзвюх краін правялі перамовы ў вузкім фармаце. Замест адведзенай праграмай гадзіны, прэзідэнты правялі дзве. Дэталёва абмяркоўвалі пытанні.

З дзевяці пунктаў парадку дня пяць прынялі без абмеркавання. Дэталёва спыніліся толькі на трох ключавых дакументах. Адзін з іх пазначае прыярытэтныя кірункі развіцця Саюзнай дзяржавы на найбліжэйшыя 5 гадоў. У ім прапісаны дзеянні па здыманні бар'ераў, узгоднена прамысловая палітыка, фарміраванне адзінага паліўнага рынку. Паставілі подпісы і пад праграмай дзеянняў у знешняй палітыцы. Яна захавала курс на ўмацаванне супрацоўніцтва на пляцоўках СНД і АДКБ. Таксама ўдзельнікі зацвердзілі прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі, што стане стымулам для навукоўцаў дзвюх краін.

Вышэйшы дзяржсавет чарговы раз пацвердзіў: спрэчныя пытанні, якія часам узнікаюць, будуць вырашацца ў духу паразумення і кампрамісу. Прэзідэнты Беларусі і Расіі - два браты, а Саюзная дзяржава - моцная сям'я. Так расійскія палітолагі ацанілі сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ўчора ў Мінску.