Аляксандр Лукашэнка: Беларусь заўсёды будзе працаваць на аб'яднанне і стабільнасць у Еўропе

15 марта 2017

Такую заяву Прэзідэнт зрабіў на сустрэчы з віцэ-прэм'ерам, міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Бельгіі. Дыдзье Рэйндэрс у Мінску ўпершыню. Аляксандр Лукашэнка назваў гэты візіт знакавым. Размова ішла наконт двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама наконт кантактаў па лініі ЕС. Еўрапейскія партнёры бачаць у Беларусі краіну, што настроена на ўзаемадзеянне і ўсяляк спрыяе дыялогу ў рэгіёне як удзельнік маштабных міжнародных працэсаў.

Бельгія гатова нарошчваць супрацоўніцтва з Беларуссю ў самых розных сферах. Гэта галоўны меседж еўрапейскага дыпламата. Паміж краінамі развіваецца гандаль. Тавараабарот па выніках мінулага года - амаль 370 мільёнаў долараў. Галоўны ўпор на інвестыцыі.

Дыдзье Рэйндэрс, намеснік прэм'ер-міністра, міністр замежных і еўрапейскіх спраў Бельгіі: "Шэраг бельгійскіх кампаній супрацоўнічае з Беларуссю, у прыватнасці, у сельскай гаспадарцы. Мы гатовыя нарошчваць сваю прысутнасць тут. У Бельгіі з вялікай цікавасцю сочаць за эканамічнымі рэформамі, што адбываюцца і яшчэ толькі будуць адбывацца ў Беларусі".