Аляксандр Лукашэнка: Беларусь - надзейны партнёр для Еўрасаюза і ў адказ разлічвае на ўзаемнасць

18 февраля 2019

Прыезд у Мінск Гюнтэра Этынгера, еўракамісара па бюджэце і кадравых рэсурсах, стаў нагодай для абмеркавання далейшага развіцця кантактаў Беларусі і ЕС. На сустрэчы з палітыкам Аляксандр Лукашэнка адкрыта выказаўся аб нязменнай пазіцыі: Беларусь - надзейны партнёр для Еўрасаюза і ў адказ разлічвае на ўзаемнасць. Наша краіна і ЕС значна прасунуліся ў развіцці двухбаковых адносін, у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай сферы. Прычым працягваць дыялог зацікаўлены па абодва бакі мяжы. Па словах Этынгера, ЕС мае намер павялічыць фінансаванне праектаў у Беларусі. Прадстаўнік Еўрапейскага саюза асабліва адзначыў і пераканаўчую пазіцыю нашай краіны, і Прэзідэнта з пункта погляду стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне.

Дэталі перамоў у Наталлі Брэвус.

"Ісці насустрач адно аднаму", - менавіта так выразна і ёміста беларускі Прэзідэнт неаднаразова фармуляваў дзяржаўны падыход да развіцця супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. Менавіта гэтую думку і агучвае на сустрэчах з еўрапейскімі палітыкамі, якія апошнім часам усё часцей бываюць у Беларусі. Ну а журналісты на такіх перамовах у кулуарах гавораць яшчэ прасцей: "Еўропа адтала".

Як ні назаві гэты этап у двухбаковых адносінах - відавочна, што дыялог Мінска і Бруселя апошнім часам развіваецца ў пазітыўным ключы. 2018-ты быў рэкордным па колькасці кантактаў з урадамі краін ЕС і еўраструктурамі. З іх боку цікавасць да Беларусі расце.

Гюнтэр Этынгер, еўрапейскі камісар па бюджэце і кадравых рэсурсах: "Гэта вялікі гонар - сустрэцца з Вамі. Я знаходжуся ў Мінску з учарашняга вечара і магу сказаць, што з задавальненнем наведваю Беларусь. Я ўспамінаю, як пяць гадоў таму ўжо меў магчымасць наведаць Мінск для ўдзелу ў вялікай канферэнцыі па лініі Еўразійскага эканамічнага саюза. Але першае маё ўражанне аб Беларусі яшчэ з 1960-х гадоў, калі мама прымушала мяне займацца на фартэпіяна з беларускай выкладчыцай на працягу васьмі гадоў. Я б з вялікім задавальненнем гуляў у футбол, але мне прыходзілася займацца гэтым".

Гэты нечаканы ўспамін таксама дадаў цеплыні сустрэчы. Зрэшты, праходзіць яна на добрым фоне. Па выніках 2018 года ў гандлі з ЕС спецыялісты адзначаюць станоўчы трэнд.

Еўрасаюз застаецца другім па значнасці рынкам для беларускага экспарту. А ў цэлым тавараабарот паказаў амаль 20-працэнтны рост і перавысіў 17 мільярдаў долараў. Прычым, пастаўляем у ЕС больш, чым купляем. Гэта важна з улікам таго, колькі намаганняў мы прыкладваем, каб максімальна дыверсіфікаваць знешні гандаль.

Што такое казна і наколькі важнае яе напаўненне Этынгер разумее як ніхто. Калі раней нямецкі палітык і аднапартыец Ангелы Меркель адказваў за энергетыку і лічбавую эканоміку, то зараз ён курыруе ў Еўрапейскай камісіі бюджэт і кадравыя рэсурсы. Зараз ЕС абмяркоўвае сямігадовы фінансавы план, які павінен пачаць дзейнічаць з 2021 года. Галаўнога болю дадае еўрачыноўнікам Брэксіт - чым кампенсаваць уклад заможнай Брытаніі? Бо ўзносы краін-удзельніц пасля выхаду будуць расці, а выдаткі трэба ўразаць. Раз-пораз гучаць рэплікі ў духу "прыйдзецца зацягнуць паясы", і відавочна, што пад удар у першую чаргу трапяць навічкі або свавольныя члены Еўрасаюза - тыя, каго не вельмі радуе, напрыклад, памяншэнне падтрымкі сельскай гаспадаркі і пры гэтым непрадбачаныя выдаткі на бежанцаў, ахову межаў і абарону. Еўракамісар Этынгер так і выказаўся: "Еўропу чакаюць цяжкія часы". Трэба захаваць устойлівасць і даць імпульс інавацыям, якія дазволяць канкурыраваць са Злучанымі Штатамі і Кітаем. Брусель спадзяецца, што пагадненне па бюджэце будзе дасягнута да еўрапейскіх выбараў і саміту ЕС у маі.

Беларусь не дадае праблем на ўсходнім напрамку, а наадварот імкнецца праводзіць спакойную і прадказальную палітыку. Ну хіба не пра такіх суседзяў усе мараць?

Па словах Этынгера, Еўрасаюз мае намер павялічыць фінансаванне праектаў у Беларусі. Еўракамісар расказаў, што ў бюджэтным плане ЕС адведзена месца пад фінансаванне праектаў па лініі "Усходняга партнёрства". Ініцыятыве, якая служыць развіццю адносін і з Беларуссю, сёлета ўжо 10 гадоў. Дык вось частка сродкаў па гэтай лініі будзе рэалізаваная ў нашай краіне.

І вось толькі адзін невялікі прыклад добрай справы. На гэтыя ачышчальныя збудаванні ідуць  сцёкавыя воды з усяго абласнога цэнтра паўночнага рэгіёна. Яны былі пабудаваныя каля паўстагоддзя таму і ўжо проста маральна састарэлі. Абнаўленне - патрабаванне часу. Пазыку на мадэрнізацыю выдзеліў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, які сёння ўжо працуе не толькі з прыватным, але і з дзяржсектарам. У першую чаргу праект накіраваны на экалагічную бяспеку. Бо ад таго, як працуюць ачышчальныя збудаванні, залежыць стан вадаёмаў. Новае абсталяванне дазволіць забяспечыць якасную ачыстку.

Аляксандр Сванідзэ, дырэктар УП "Віцебсквадаканал": "Сума крэдыту Еўрапейскага банка - дзевяць мільёнаў еўра. Грантаў - мільён чатырыста пяцьдзесят і мільён дзевяцьсот шэсцьдзесят тры тысячы еўра. Ідзе рэканструкцыя ўчастка біялагічнай ачысткі першага аэратэнка, далей другая чарга другога аэратэнка, адпаведныя камунікацыі, аб'екты. Абсталяванне, якое прымяняецца  пры рэканструкцыі,  адпавядае самым лепшым еўрапейскім нормам. На пляцоўцы сродкамі генпадрадчыка, субпадрадчыкаў прысутнічае не меней за 80 чалавек персаналу, 15-20 адзінак тэхнікі. На дадзеным этапе выкананы поўны комплекс будаўніча- мантажных работ па рэканструкцыі першай чаргі аэратэнкаў. Вядзецца мантаж абсталявання па другасных адстойніках".

Зразумела, што гэта кропля ў моры беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва, але карысных і патрэбных агульных праектаў можа быць больш. Ёсць дамоўленасць стварыць рабочую групу з экспертамі з Беларусі і Еўрапейскай камісіі ў Бруселі для абмеркавання канкрэтных  напрамкаў супрацоўніцтва і будучыя праграмы.

Гюнтэр Этынгер, еўрапейскі камісар па бюджэце і кадравых рэсурсах: "Адным з такіх важных напрамкаў з'яўляецца ўдасканаленне транспартнай інфраструктуры. Беларусь мае працяглую мяжу з краінамі - членамі ЕС, яна вельмі важная транзітная краіна, што датычыцца патокаў паміж ЕС і Расіяй. Таму гэтая тэма - пашырэнне і развіццё трансгранічнай транспартнай сеткі - будзе адыгрываць  вялікую ролю. У цэлым за апошнія гады Беларусі і ЕС удалося значна прасунуць свае адносіны і нармалізаваць двухбаковы дыялог. Абодва  бакі  зацікаўленыя прадоўжыць гэтую тэндэнцыю. Вельмі пераканаўчай выглядае пазіцыя Беларусі і Прэзідэнта з пункту гледжання  стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне, імкненне краіны быць гарантам міру  ў рэгіёне, мірнага суседства".

Можа, не так хутка, як хацелася б, але пасля паўзы Беларусь і Еўрасаюз набіраюць тэмп узаемадзеяння. Для гэтага сёння прайшло адразу некалькі раўндаў перамоў. Акцэнт  на фінансавым супрацоўніцтве. У Саўміне гаварылі, што трэба, каб вярнуцца да рэкорднага тавараабароту, а таксама ўрад разлічвае на канструктыўную пазіцыю ЕС у пытаннях уступлення  Беларусі ў СГА. Акрамя таго, партнёрам трэба прыйсці да базавага пагаднення паміж Беларуссю і ЕС. Прававы вакуум ужо сапраўды контрпрадукцыйны. Закранулі і тэму заключэння пагаднення аб спрашчэнні візавых працэдур - дакумент ужо на фінішнай стадыі. Гэтыя сустрэчы "вочы ў вочы" дапамогуць ацаніць стан спраў паміж Мінскам і Бруселем і знайсці агульную мову там,  дзе гэта яшчэ трэба.