Аляксандр Лукашэнка: Беларусь хоча мець мірныя і дружныя адносіны з Літвой

2 мая 2019

Геапалітычная сітуацыя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, а таксама пытанні будаўніцтва Беларускай АЭС. Сёння гэтыя тэмы ў Палацы Незалежнасці абмеркавалі Прэзідэнт Беларусі і дэпутат Еўрапейскага парламента Роландас Паксас. Палітык раней займаў пасаду прэзідэнта Літвы. Высокі госць прыбыў з візітам у Мінск па сваёй ініцыятыве. Раней у афіцыйным статусе ён не наведваў нашу краіну. У размове Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што Беларусь хоча мець мірныя і дружныя адносіны з Літвой. 

Таксама Паксас падзяліўся з журналістамі сваім бачаннем сітуацыі ў рэгіёне. Як адзначыў сам палітык, у яго ёсць мара - цалкам пазбавіць Цэнтральную і Усходнюю Еўропу ад ваеннай пагрозы і вырашаць канфлікты толькі дыпламатычным шляхам. Гэта ж датычыцца і стаўлення літоўцаў да Беларускай АЭС. Еўрадэпутат лічыць, што гэтая тэма залішне палітызаваная. Асобным сілам у Літве гэта выгадна.

Адзначым, што Беларусь і Еўрапейскі парламент вось ужо некалькі гадоў вядуць актыўныя перамовы ў розных сферах. Так, тры гады таму еўрадэпутаты адобрылі распаўсюджванне на Беларусь мандата Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. Яны ж будуць вырашаць пытанне спрашчэння візавага рэжыму. Што да Літвы, то гэта не проста сусед, а адзін з вядучых партнёраў Беларусі ў рэгіёне. За 2018 год тавараабарот склаў больш як паўтара мільярда долараў. Прычым большая частка якраз экспарт нашай краіны. Таксама ў Літоўскай Рэспубліцы працуе амаль 250 прадпрыемстваў з беларускімі інвестыцыямі.