Аляксандр Лукашэнка 8-9 чэрвеня ажыццявіць рабочы візіт у Казахстан

7 июня 2017

Казахстан рыхтуецца прыняць адразу два маштабныя мерапрыемствы. Спачатку ў Астане пройдзе саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, а пасля стартуе "Экспа-2017". Нашу краіну на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў прадставіць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка 8-9 чэрвеня ажыццявіць рабочы візіт у Казахстан. У сваім выступленні Кіраўнік дзяржавы агучыць пазіцыю беларускага боку па пытаннях далейшага развіцця аб'яднання, у тым ліку і яго эканамічнага вымярэння. Беларусь у якасці назіральніка прымае актыўны ўдзел у шырокім коле мерапрыемстваў. Акрамя таго, запланавана двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Нурсултанам Назарбаевым. Лідары абмяркуюць парадак дня двухбаковых адносін і ўзаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах. Аляксандр Лукашэнка таксама прыме ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставы "Экспа-2017" у Астане.

Там прадстаўлены і беларускі павільён. Афіцыйна свой удзел у выставе пацвердзілі больш за 110 краін і каля 20 міжнародных арганізацый.

Дарэчы, тэма маштабнага форуму сёлета - энергія будучыні. Для нашай краіны вельмі актуальная. Яна цесна звязана з рэалізацыяй прынцыпаў стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі. Для наведвальнікаў свае дзверы "Экспа" расчыніць у суботу. Наша здымачная група ўжо працуе ў Астане.

Чым беларускі павільён будзе здзіўляць мільёны наведвальнікаў, а таксама навошта на выставу прывезлі сапраўдны айсберг - падрабязнасці з Астаны ў Аляксея Адашкіна. На падрыхтоўку да "Экспа" ў Казахстана было роўна пяць гадоў. За гэты час у Астане пабудавалі новы ўльтрасучасны мікрараён. Атрымаўся сапраўдны горад у горадзе, цэнтральнае месца якога заняў выставачны цэнтр. Яго плошча - 174 гектары. Сонечныя батарэі, гібрыдныя аўтобусы і самы экалагічны від транспарту - яшчэ на шляху да "Экспа" можна захапіцца ідэямі рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў. Галоўнай тэмай сусветнай выставы багаты вуглевадародамі Казахстан выбраў энергію будучыні.

Нур Алем або прамень свету. Так паэтычна назваў Казахстан свой грандыёзны павільён на "Экспа", які стаў ужо архітэктурным сімвалам выставы. Гэта самы вялікі на планеце сферычны будынак. Яго вышыня - 100 метраў. Маса металаканструкцыі - 13 тысяч тон. Гэта як паўтары Эйфелевай вежы.

Плошча шкла - пяць футбольных палёў. Зверху - два ветрагенератары, якія даюць энергію для будынка. Паводле папярэдніх звестак, на "Экспа" было выдаткавана больш за два мільярды долараў. Усе пабудаваныя аб'екты будуць выкарыстоўвацца і пасля выставы. Тут з'явіцца міжнародны фінансавы цэнтр і комплекс зялёнай энергетыкі. Сфера ж стане музеем будучыні.

Сам экспагарадок стаў маштабнай дэманстрацыяй найноўшых тэхналогій. Тут на вуліцах усталявалі інтэлектуальнае асвятленне. Яркасць ліхтароў залежыць ад трафіку. Калі няма пешаходаў або машын, то святло становіцца прыглушаным. Гэта дазваляе знізіць выдатак электрычнасці прыкладна на траціну. Пасля завяршэння "Экспа-2017" такое ноу-хау стане часткай гарадской сістэмы асвятлення.

Нур Алем стане і цэнтральным пунктам урачыстай цырымоніі адкрыцця выставы. На відовішчным шоу будуць прысутнічаць 17 сусветных лідараў, уключаючы Прэзідэнта Беларусі. "Экспа" стартуе адразу пасля саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Чакаецца, што ў Астане да арганізацыі афіцыйна далучацца Індыя і Пакістан. У выніку на долю дзяржаў, аб'яднаных шанхайскім духам, будзе прыпадаць чвэрць сусветнага ВУП. Наша краіна ў гэтым альянсе мае статус назіральніка, але актыўна ўдзельнічае ва ўсіх найважнейшых мерапрыемствах. Асноўная наша цікавасць - у актывізацыі менавіта эканамічнага супрацоўніцтва. Такія памкненні і ў Казахстана. У краіне ў працэсе падрыхтоўкі да "Экспа" было створана 55 тысяч новых рабочых месцаў. Усе аб'екты ўжо завершаны. Засталося дадаць апошнія штрыхі. Сёння, напрыклад, да павільёнаў выставы прывезлі чатыры грузавікі з рознакаляровымі петуніямі.

Апошняя падрыхтоўка праходзіць і ў беларускім павільёне. На "Экспа" наша краіна пакажа свае найноўшыя распрацоўкі ў сферы энергазберажэння. На выставу прывезлі і электробус - сапраўдны транспарт будучыні. Акрамя таго, будуць паказаныя макеты аўтобуса МАЗ на газавым паліве і камбайна, які едзе на сціснутым метане.

Анатоль Нічкасаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Казахстане: "Сам павільён плошчай больш за 400 кв.м. змяшчае інфармацыю, якая паказвае дасягненні Беларусі, якімі мы можам сёння ганарыцца. Беларусь ведаюць па IT, машынабудаўнічых тэхналогіях, навуковых дасягненнях, якія даволі добра прасунулі біяэнергетыку і іншыя альтэрнатыўныя формы энергетыкі, распрацоўках у касмічнай галіне. Мы ўжо атамная дзяржава і павінны будзем заявіць пра гэта, паколькі партнёрства ў дадзенай сферы мае вялізнае значэнне для нашай будучыні".

У нашым павільёне на "Экспа" будуць працаваць восем інтэрактыўных кіёскаў. Яны дазволяць усім наведвальнікам запампаваць па Wi-Fi або Bluetooth дэталёвую інфармацыю аб перадавых беларускіх распрацоўках. Такую высокатэхналагічную паслугу дасць толькі Беларусь. Акрамя таго, менавіта наша краіна арганізавала на "Экспа" яшчэ і міжнародную мастацкую выставу, якая складаецца з чатырох дзясяткаў карцін. Вернісаж атрымаўся з геапалітычным падтэкстам.

У павільёны пакуль неахвотна пускаюць журналістаў, каб не раскрыць інтрыгу раней часу. Расіяне, напрыклад, прывезлі ў Астану фрагмент сапраўднага арктычнага айсберга. Ён зараз схаваны вось у гэтай мультымедыйнай сферы. Малайзійскі павільён у цэнтры стэпу ўзнаўляе трапічны лес, праўда, віртуальны. На "Экспа" ўжо прададзена звыш мільёна 200 тысяч білетаў. Згодна з разлікамі арганізатараў, за тры месяцы тут змогуць пабываць да 5 мільёнаў чалавек.