Аляксандр Лукашэнка 20 верасня прыме ўдзел у вучэннях "Захад-2017"

18 сентября 2017

Прэзідэнт Беларусі, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка 20 верасня прыме ўдзел у сумесных стратэгічных вучэннях Узброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017". Аляксандр Лукашэнка будзе назіраць за адным з галоўных эпізодаў вучэнняў на Барысаўскім палігоне.

Акрамя Прэзідэнта, чакаецца прысутнасць прадстаўнікоў вышэйшага камандавання Узброеных сіл Расіі, кіраўніцтва інтэграцыйных структур - Саюзнай дзяржавы, СНД, АДКБ, замежных назіральнікаў і дыпламатаў. З назіральнай пляцоўкі Кіраўнік беларускай дзяржавы ацэніць дасягнуты ўзровень узаемадзеяння войскаў пры вядзенні абарончага бою. Вучэнні "Захад-2017" праводзяцца да 20 верасня. Асноўныя сцэнарыі ваеннай гульні праходзяць на беларускіх пляцоўках. Агульная колькасць асабовага складу складае каля 12 тысяч 700 вайскоўцаў. Задзейнічана 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, больш за 40 самалётаў і верталётаў.

Беларускі бок запрасіў некалькі дзясяткаў назіральнікаў, у тым ліку ад Узброеных сіл Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Польшчы, Украіны, Швецыі і Эстоніі, а таксама міжнародных арганізацый. Гэта ААН, АБСЕ, НАТА, інтэграцыйныя структуры - сакратарыят і аб'яднаны штаб АДКБ, Антытэрарыстычны цэнтр СНД, Саюзнай дзяржавы. Запрашэнні атрымалі і прадстаўнікі ваенна-дыпламатычнага корпуса, акрэдытаваныя пры Мінабароны нашай краіны. Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, за манеўрамі назіраюць 273 акрэдытаваныя замежныя журналісты.