Актуальныя пытанні медыцынскай сферы Прэзідэнт абмеркаваў у РНПЦ анкалогіі ў Бараўлянах

30 октября 2019
Якасць медыцынскіх паслуг, зарплаты ўрачоў, праблемы пацыентаў і  вялікія будоўлі: сёння Прэзідэнт наведаў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі пад Мінскам.

Тут адкрыўся пансіянат для пацыентаў і іх суправаджальнікаў, разлічаны на 135 чалавек. У гэтым жа памяшканні сталовая і кафэ. Нумары  аднамесныя, двухмесныя, павышанай камфортнасці, а таксама для пацыентаў з абмежаванымі магчымасцямі. Комплекс уключае ў сябе і аздараўленчы цэнтр. Ён аб'ядноўвае залу лячэбнай фізкультуры, масажны кабінет, басейн і трэнажорную залу.

Прэзідэнт азнаёміўся з умовамі пражывання ў пансіянаце, агледзеў сталовую, пацікавіўся арганізацыяй харчавання. Пры гэтым, змяніўшы маршрут, Аляксандр Лукашэнка даведаўся пра  ўсе дэталі, пагаварыў з абслуговым персаналам і поварамі. Па традыцыі важны сацыяльны аб'ект увялі ў строй напярэдадні 7 Лістапада. Зараз гэта тое месца, дзе могуць спыніцца сваякі пацыентаў, што маюць патрэбу ў доглядзе. Раней ім даводзілася шукаць і здымаць нятаннае жыллё ў Мінску або прыгарадзе.

Таксама Прэзідэнт наведаў пабудаваны нядаўна комплекс інтэрнатаў для супрацоўнікаў РНПЦ анкалогіі і іншых медустаноў раёна. У цэнтры ўвагі  планіроўка кватэр, умовы пражывання, дапаможныя памяшканні. Падчас паездкі не засталіся ўбаку і самыя вострыя пытанні аховы здароўя: кадры, забяспечанасць найноўшым абсталяваннем і зарплаты.

Актуальную тэму працоўнай міграцыі ўрачоў закранулі журналісты. Нядаўна Польшча ўвяла новыя правілы для спецыялістаў не з Еўрасаюза. Зараз медыкам, у тым ліку і беларускім, не прыйдзецца пацвярджаць свой дыплом. Трэба будзе толькі прайсці іспыт у клініцы. Ці не справакуе гэта адток кадраў у ахове здароўя?

Таксама журналісты цікавіліся меркаваннем Прэзідэнта наконт знешняй эканамічнай палітыкі, перапісу насельніцтва і адносін да традыцый лістападаўскіх свят.