А. Лукашэнка: Я вельмі хачу, каб вы сустрэлі гэтае цудоўнае свята шчаслівымі

23 декабря 2016

Кульмінацыя дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці". Галоўная ёлка краіны сабрала на свята больш за 2 тысячы дзяцей.

На ўрачыстасць у Палац Рэспублікі запрасілі выдатнікаў, пераможцаў алімпіяд, выхаванцаў дзіцячых дамоў і інтэрнатаў. Галоўную ёлку краіны яшчэ называюць прэзідэнцкай, бо традыцыйна кожны год хлопчыкаў і дзяўчынак асабіста віншуе Кіраўнік дзяржавы. Сёння было ўсё, што кожны з нас так любіў у дзяцінстве: карагоды з Дзедам Марозам і іншымі казачнымі героямі, смех, песні і  вясёлыя конкурсы. І, безумоўна, маляўнічы паказ "Хрустальная мелодыя", у якім дабро абавязкова перамагае  злыя сілы. Нягледзячы на юны ўзрост запрошаных - ад 8 да 14, Кіраўнік дзяржавы звяртаўся да іх як да дарослых.

У гэтыя дні, прасякнутыя асаблівай верай у цуды, Кіраўнік дзяржавы  папрасіў хлопчыкаў і дзяўчынак не забывацца пра тых, хто, магчыма, нават больш за астатніх  мае  патрэбу ў простай чалавечай увазе і добрым слове.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў дзяцей з надыходзячымі святамі. Пажадаў здароўя, міру і ажыццяўлення самых запаветных жаданняў. Пасля Аляксандр Лукашэнка разам з малодшым сынам Мікалаем занялі месцы ў зале гледачоў. Кожнае дзіця, якое прысутнічала на свяце, атрымала салодкі падарунак. З пустымі рукамі дзеці не адпусцілі і Прэзідэнта. Уручылі сімвалы Новага года - чароўны куфар і ёлку, зробленыя сваімі рукамі.