А. Лукашэнка: Выпуск медпрэпаратаў, іх рэалізацыя і імпарт павінны быць пад кантролем

28 января 2018

Выкарыстанне незадзейнічаных плошчаў і будынкаў, якія пустуюць, - частка больш глабальнай задумы: навядзення парадку ў гарадах і ў цэлым у краіне. Пра гэту задачу Кіраўнік дзяржавы зноў нагадаў на адыходзячым тыдні. Па дарозе на прадпрыемства "Мінскінтэркапс", што знаходзіцца ў сталічнай прамзоне, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: тэрыторыі вакол многіх вытворчасцяў далёка не ў належным стане. Прэзідэнт патрабуе, каб да сярэдзіны 2019 года ўся краіна і перш за ўсё Мінск былі ў ідэальным парадку.

Упарадкаваць плануюць і сістэму вытворчасці і абароту лекаў. На гэта даецца паўгода. Выпуск медпрэпаратаў, іх рэалізацыя і імпарт павінны быць пад кантролем - такую задачу паставіў Аляксандр Лукашэнка перад фармгаліной. Яе працу ў мінулую пятніцу абмяркоўвалі ў сценах прадпрыемства "Мінскінтэркапс".

Дарэчы, за мінулы год прадпрыемствы гэтай сферы (а іх 37) вырабілі прадукцыі больш чым на мільярд рублёў. Яшчэ ў 2012-м гэтая лічба была амаль у 4 разы менш. За гэты час удалося практычна падвоіць і долю беларускіх прэпаратаў на айчынным рынку: зараз іх без малога 55 %. Акрамя таго, цэны на нашы лекі больш прывабныя за імпартныя. 40 % беларускіх медыкаментаў па цане нават ніжэй за 2 рублі. Разам з тым у галіны пакуль актуальная праблема пасрэдніцтва, а гэта часам уплывае на канчатковую цану прэпарата ў аптэцы.

Перад вытворцамі медыкаментаў стаіць задача нарошчваць экспарт. Канкурэнцыя на сусветным рынку лекаў высокая, але на беларускія прэпараты за мяжой асаблівы попыт. Усё дзякуючы сучасным тэхналогіям і інавацыям. Айчынная фармгаліна зараз на парозе поўнага абнаўлення. "Мінскінтэркапс" - адзін з трох дзясяткаў ужо рэалізаваных інвестпраектаў. Гэта сучасны комплекс з найноўшым абсталяваннем і строгім кантролем якасці. Дарэчы, за мінулы год у нашай краіне зарэгістравана больш як 120 новых лекавых сродкаў беларускай распрацоўкі. Важную ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць і навукоўцы.