А. Лукашэнка: "Вітэкс" - узор таго бізнесу, які патрэбен у Беларусі

27 сентября 2019

Мадэрнізацыя вытворчасці айчыннай касметыкі і адказнасць бізнесу. Гэта лейтматыў размовы на прадпрыемстве "Вітэкс" - на заводзе сёння пабываў Прэзідэнт. Тут створаны поўны цыкл: ад распрацоўкі рэцэптур да рэалізацыі прадукцыі праз уласную тавараправодную сетку. Сярод пакупнікоў  3 дзясяткі краін. З мінулага года беларускай касметыкай карыстаюцца ў Канадзе, Пакістане і Бахрэйне. Разам з тым, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка,  важна не забыць аб патэнцыяльных нішах на ўнутраным рынку і паабяцаў цалкам перайсці на айчынныя касметычныя сродкі. Наогул  ацэнкі гучалі пазітыўныя невыпадкова. Зроблена  апошнім часам нямала, што прывяло да прыкметных зрухаў на беларускім касметычным рынку. Каштоўны і неабыякавы падыход прыватнага бізнесу. Рэпартаж Наталлі Брэвус.  

Чаго хочуць жанчыны? Адвечнае пытанне, на якое так складана адказаць. Вядома, жаданні ва ўсіх розныя, але, мабыць, прыгожай хоча быць кожная. На гэтым прадпрыемстве ўжо 30 гадоў працуюць над формулай прыгажосці. 
Менавіта ў канцы 80-х першы вытворца беларускай касметыкі пачынаў, лічы, з нуля - асартымент быў мінімальны. Уявіце,  было ўсяго толькі 6 прадуктаў. Сёння  больш за  2 тысячы. Лічбы гавораць - прыкладна так за гэты час змяніўся рынак, попыт і густы пакупніц.
Сёння прадаюць беларускую касметыку ў 3 дзясятках дзяржаў  і нават за акіян - у ЗША і Канадзе. У Іраку на ўра ідзе зубная паста, іранцы любяць гелі, Амерыка купляе ў асноўным крэмы. На адной пляцоўцы ў Мінску суседнічаюць адразу два вытворцы - "Беліта" і "Вітэкс". Зрэшты, гаварыць пра іх у звязцы ўсе неяк прывыклі.
Не адразу, але з часам зразумелі, што без уласнага навуковага цэнтра  ніяк. 
І сёння гэта сапраўдная творчая лабараторыя - лабараторыя ідэй. Менавіта тут працуюць над новымі рэцэптурамі крэмаў і не толькі. Часам трэба месяцаў 5, іншы раз на пошук інавацыйных рашэнняў ідзе некалькі гадоў. Як дагадзіць пакупніцам - ламаюць галаву разам навукоўцы і маркетолагі.

Што зроблена апошнім часам на прадпрыемстве "Вітэкс", распавядаюць Прэзідэнту. Выхваляюцца, ёсць чым. Бо на старце не было толкам спецыялістаў і школы. Напрацавалі, навучылі. З нюансамі вытворчага працэсу знаёмяць Аляксандра Лукашэнку. Тут імкнуцца прытрымлівацца б’юці-трэндаў: крэм-скатка або з фруктовымі кіслотамі, касметыка з алеем арганы, гідралаты, прадукты серыі дэтакс. 

Эксперыментуюць з сыравінай - з гэтай серыі лінія на аснове чорнага вугалю або магнітная маска. Усяго і не пералічыш. 

Каб ісці ў нагу з часам, трэба не толькі сачыць за тэндэнцыямі, але пастаянна абнаўляцца. Сёння мадэрнізуюць лініі і тэхналогіі. У іх увесь сакрэт, бо вытворчасць касметыкі ва ўсіх краінах падобная. З апошняга - укараняюць лініі па выпуску касметыкі ў сашэ. Такія міні-версіі вельмі папулярныя. 

Не горш за тэхнолагаў і маркетолагаў часам працуе сарафаннае радыё.

Расхвалены бальзам або шампунь раскупляюць у імгненне вока. Што параяць Кіраўніку дзяржавы? Бо ад асартыменту і, праўда, разбягаюцца вочы. Супрацоўнікі не разгубіліся і былі настолькі пераканаўчыя, што Прэзідэнт даў асабістае даручэнне. 

Так склалася, што ў гэты дзень сярод журналістаў прэзідэнцкага пула на мерапрыемстве  ў асноўным дзяўчаты. З падачы Аляксандра Лукашэнкі кожная зможа апрабаваць навінкі айчыннага вытворцы.

Дарэчы, заўважана не толькі журналістамі, што апошнім часам усё менш скепсісу ў дачыненні  да беларускай касметыкі. Сёння  дамы з цікавасцю спрабуюць навінкі. Ну а як не паспрабаваць, калі беларускія сродкі ў касметычных топ-лістах Cosmopolitan, а сябры з-за мяжы просяць прывезці ў падарунак менавіта "Беліту" і "Вітэкс". Для такой якасці цэннік больш чым разумны. Прэзідэнт даручае максімальна спрыяць продажам за мяжу (ужо больш за палову ідзе на экспарт),  але і пра нішы ўнутры краіны не забываць. 
Мала хто ведае, што "Вітэкс" - шматпрофільнае прадпрыемства. Развівае і аграрны сектар. 

15 гадоў таму кампанія стала ўласнікам стратнай гаспадаркі ва Уздзенскім раёне. На яе базе стварылі сельгасфіліял. Рэканструявалі фермы, абнавілі парк збожжаўборачнай тэхнікі, пабудавалі сховішчы, з'явіліся свая пасека і фруктовы сад. 

У выніку за гэтыя гады з некалі стратнай гаспадарка ператварылася ў адну з лепшых па краіне. Дастаткова сказаць, што з адной  каровы атрымліваюць не тону малака, як раней,  а зараз ужо ў 10 разоў больш. Вырасла і зарплата ў людзей - набліжаецца да тысячы рублёў. "Вітэкс" выйшаў на рынак з новай прадукцыяй -  прапанаваў беларусам натуральныя сокі і яблычныя чыпсы. 

У наступным годзе завершыцца будаўніцтва новага корпуса па вытворчасці касметыкі ва Уздзенскім раёне. Гэта плюс тры сотні рабочых месцаў. Наладзілі вытворчасць экстрактаў траў - вырошчваюць паўсотні відаў. Плюс уласная пасека дазваляе выкарыстоўваць натуральныя інгрэдыенты ў касметычнай прадукцыі. 

Актыўны прыватнік падцягнуў сацыялку. Пабудавана жыллё для работнікаў, сёе-тое з інфраструктуры. Перанос тэхналогій, кіраўніцкіх падыходаў, замацаванне кадраў - усё гэта не хутка, але пазітыўна ўплывае на тое, як жывуць людзі ў мястэчку Цеплень ва Уздзенскім раёне. Такі адказны падыход бізнесу Прэзідэнту падабаецца. 

У выніку ў шматпрофільнага "Вітэкса" прадукцыя разнапланавая - ад касметыкі да сокаў,  і ёсць складанасці, каб прадаваць на адной пляцоўцы. Кантралюючыя органы робяць заўвагі. 

Ужо напрыканцы Прэзідэнт нечакана адышоў ад тэмы - нагадаў кіраўніцтву Мінска аб тым, што задач па добраўпарадкаванні і азеляненні горада ніхто не знімаў. Было відаць, што Кіраўніка дзяржавы натхніў гэты дзень - так часта гаварылі тут аб формуле прыгажосці і поспеху, што было не лішнім сказаць і аб прыгажосці вакол нас. На тое, як мы выглядаем, часам уплывае касметыка, але яшчэ больш нашы  намаганні. А вось як зменіцца месца, дзе мы жывём, залежыць толькі ад нас.