А. Лукашэнка: У новых геапалітычных рэаліях трэба быць моцнымі - і палітычна, і эканамічна

17 июля 2014

У новых геапалітычных рэаліях трэба быць моцнымі - і палітычна, і эканамічна. Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што наша краіна працуе над дасягненнем гэтых мэт. На гэта накіраваныя і нарошчванне экспарту, і мадэрнізацыя эканомікі, і павышэнне ўзроўню жыцця. На сустрэчы з дыпламатамі Прэзідэнт абмеркаваў і вынікі знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці.


На нарадзе ў Прэзідэнта пра геапалітыку гаварылі нямала. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: напярэдадні 2015 года націск на Беларусь прадказальна ўзрасце. Гэта звязана з прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй. Прэзідэнт папярэдзіў, што трэба быць гатовымі да супрацьстаяння з глабальнымі гульцамі па пытаннях палітыкі, што праводзіцца Беларуссю.


Прэзідэнт запатрабаваў ад дыпламатаў шукаць перспектыўных партнёраў у розных рэгіёнах свету. Ідэальная мадэль - развіццё супрацоўніцтва па аналогіі ўзаемадзеяння нашай краіны з Венесуэлай. Па словах Прэзідэнта, ва ўмовах адкрытай, арыентаванай на экспарт эканомікі Беларусі яе знешнеэканамічны складальнік мае ключавое значэнне.