А. Лукашэнка: У Беларусі неабходна актыўна генерыраваць новыя кірункі ў сельскай гаспадарцы

25 марта 2019

У Беларусі, акрамя развіцця традыцыйных, неабходна актыўна генерыраваць новыя кірункі ў сельскай гаспадарцы. Такую задачу сёння паставіў Прэзідэнт, наведваючы прадпрыемства "Газавік-Сіпакова" ў Шклоўскім раёне. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці гэтага рэгіёна і ў цэлым Магілёўскай вобласці. А таксама аб правядзенні вяснова-палявых прац. Масавая пасяўная ўжо пачалася. Заканамерна больш актыўна ідзе на поўдні, у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Сёлета перад аграрыямі стаіць задача атрымаць не менш як 8 з паловай мільёнаў тон збожжа. А вось ва ўсходнім рэгіёне толькі некаторыя гаспадаркі пачалі падсяванне травы, але аб масавым выхадзе ў палі тэхнікі яшчэ размова не ідзе. У надыходзячы тыдзень чакаюцца замаразкі, таму не выключана, што толькі з красавіка пачнецца масавы старт. Прэзідэнта дэталёва праінфармавалі і аб выніках працы прадпрыемства "Газавік-Сіпакова". За мінулы год паказчыкі тут адны з найлепшых у Шклоўскім раёне. Займаюцца тут вытворчасцю мяса-малочнай прадукцыі і маюць намер пашыраць гэты кірунак. Уражвае і ўраджайнасць рапсу, летась яна склала 38 ц/га, на 90% атрымліваецца забяспечваць гаспадарку бялком для камбікорму ва ўласным цэху. У свой час агранамічная служба прадпрыемства зрабіла вялікую працу па павелічэнні сяўбы шматгадовай травы, гэта ўжо 1 тысяча 400 гектараў, пераважаюць канюшына і люцэрна. Такіх жа навацый і аграэксперыментаў Кіраўнік дзяржавы патрабуе ва ўсіх сферах АПК. 

Сельгаспрадпрыемства "Газавік-Сіпакова" - гэта структурнае падраздзяленне РУП "Магілёўаблгаз", але пры гэтым галаўная арганізацыя фінансуе толькі доўгатэрміновыя праекты. Заработная плата, паліва, удабрэнне - на ўсё гэта грошы ідуць з уласнай выручкі. У планах аграрыяў праз пару гадоў выйсці на поўнае самафінансаванне. У гэтай сувязі даручэнне Прэзідэнта - яшчэ раз вывучыць падобны вопыт замацавання сельгаспрадпрыемстваў за лідарамі, каб атрымаць развіццё. Гаварылі ў цэлым аб перспектывах АПК і заработнай плаце ў галіне ў Шклоўскім рэгіёне. Пастаўленая задача ў найбліжэйшыя пару гадоў дасягнуць сярэдняй на сяле  - тысячу рублёў. Дарэчы, у "Газавік-Сіпакова" працуе маладая каманда  - сярэдні ўзрост 40 гадоў, а зарплата па мінулым годзе амаль 900 рублёў.