А. Лукашэнка: Ужо к наступнай зіме ў Беларусі наладзяць вытворчасць добрых айчынных лыж

10 февраля 2019

Ужо к наступнай зіме ў Беларусі наладзяць вытворчасць добрых айчынных лыж, прыдатных для масавага спорту і падрыхтоўкі спартсменаў. А атлетаў топ-узроўню будуць камплектаваць прадукцыяй сусветных вытворцаў.

Пра гэта Прэзідэнт Беларусі ўчора заявіў журналістам падчас спартыўнага свята "Мінская лыжня". Прадстаўнікоў СМІ цікавілі шматлікія пытанні, напрыклад, нюансы падрыхтоўкі да такіх стартаў, улічваючы шчыльны графік Кіраўніка дзяржавы. Асобна размова пайшла пра імпартазамяшчэнне ў лыжным спорце. Яшчэ ўвосень наша прамысловасць заслужыла долю крытыкі за не самы якасны інвентар. Ці ёсць перспектывы ў гэтым кірунку ў нашых вытворцаў?

Кіраўнік дзяржавы не толькі пагутарыў з гасцямі свята і журналістамі, але таксама прыняў удзел у біятлоннай эстафетнай гонцы. Усяго ў ёй выйшлі на старт адразу два дзясяткі каманд. Акрамя прадстаўнікоў вышэйшых органаў улады, у гэтай гонцы спаборнічалі вядомыя спартсмены і дзеячы розных сфер, зоркі беларускай эстрады і журналісты. Вядома, у аматарскіх спаборніцтвах галоўнае - удзел. Але тым не менш барацьба за першае месца атрымалася вельмі сур'ёзнай. Традыцыйна моцная каманда Прэзідэнта пацвердзіла свой статус фаварыта. У якасці фінішора на апошнім завяршальным крузе выступіў і сам Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка прайшоў усю дыстанцыю, не дапусціўшы ні аднаго промаху.

Па-сапраўднаму спартыўны год для Беларусі толькі пачынаецца. Зусім нядаўна наша краіна на самым высокім узроўні прымала кантынентальнае першынство па фігурным катанні, а наперадзе яшчэ больш значныя падзеі. Мінск рыхтуецца прымаць Еўрапейскія гульні і лёгкаатлетычны матч Еўропа - ЗША на абноўленым сталічным стадыёне "Дынама".